У Віцебскай вобласці ў студзені-красавіку адзначаецца паляпшэнне дэмаграфічнай сітуацыі
9 чэрвеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У Віцебскай вобласці па выніках студзеня-красавіка адзначаецца паляпшэнне дэмаграфічнай сітуацыі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў камітэце па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама.
Усяго за мінулы перыяд у вобласці нарадзіліся 4096 немаўлят, або 100,4% да аналагічнага ўзроўню мінулага года. Найбольшая колькасць дзяцей з'явілася на свет ва Ушацкім (55%, або 131% да студзеня-красавіка 2009 года), Бешанковіцкім (65%, або 130%), Пастаўскім (129%, або 120,6%), Докшыцкім (101%, або 123,2%), Глыбоцкім (131%, або 115,9%) і Браслаўскім раёнах (88%, або 118,9%). Менш, чым у студзені-красавіку мінулага года, нарадзілася дзяцей у Воршы, Гарадоцкім, Лепельскім, Лёзненскім, Мёрскім, Аршанскім, Полацкім, Расонскім, Сенненскім, Чашніцкім, Шаркаўшчынскім і Шумілінскім раёнах.
Менш за студзень-красавік гэтага года зарэгістравана шлюбаў. Іх было заключана 2,4 тыс., або 98%. "Аднак дадзены факт абумоўлены хутчэй забабонамі і традыцыямі: зіма і ранняя вясна лічацца ў славян неспрыяльным перыядам для заключэння шлюбных саюзаў, таму большасць маладых людзей аддаюць перавагу абмяняцца кольцамі летам і восенню", адзначылі спецыялісты.
Колькасць памерлых жыхароў Віцебскай вобласці за чатыры месяцы склала 7 тыс. чалавек, або 99,2% да аналагічнага перыяду мінулага. Пры гэтым у структуры смяротнасці ад знешніх прычын 21% прыпадае на атручванні алкаголем, 17,7% - самагубствы і 6,7% - гібель у выніку дарожна-транспартных здарэнняў.
Разам з тым, нягледзячы на агульную станоўчую дынаміку ў дэмаграфічнай сітуацыі вобласці, самы паўночны рэгіён займае апошняе месца ў рэспубліцы па колькасці народжаных на 1 тыс. насельніцтва (10,2 пры сярэднерэспубліканскім паказчыку 11,2) і першае - па колькасці памерлых на 1 тыс. насельніцтва (адпаведна 17,4 супраць 14,9), канстатавалі ў камітэце.-0-