У Віцебскай вобласці сёлета з'явіцца 62 аграгарадкі
4 жніўня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У Віцебскай вобласці сёлета з'явіцца 62 аграгарадкі, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік начальніка ўпраўлення рэфармавання і дзяржмаёмасці камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Аляксандр Кірэеў.
Найбольшая колькасць аграгарадкоў у 2010 годзе будзе ўведзена ў эксплуатацыю ў Браслаўскім (6), Аршанскім (6) і Сенненскім (5) раёнах. Па адным аграгарадку адкрыецца ў Расонскім, Ушацкім, Шумілінскім і Гарадоцкім раёнах. Па выніках студзеня-чэрвеня ў новых аграгарадках ужо добраўпарадкавана 233 аб'екты. Да канца года іх колькасць узрасце да 1787. Усяго на выкананне работ па стварэнні сацыяльнай і вытворчай інфраструктуры ў 2010 годзе плануецца накіраваць Br231 млрд. Па стане на 30 ліпеня асваенне сродкаў склала Br65,8 млрд.
Усяго ў рамках рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця вёскі на 2005-2010 гады ў Віцебскай вобласці будзе добраўпарадкавана 254 аграгарадкі, 192 з іх уведзены ў эксплуатацыю за мінулыя чатыры гады работы дзяржпраграмы. З мэтай далейшага развіцця сельскіх населеных пунктаў, у тым ліку і аграгарадкоў, у цяперашні час распрацоўваецца Дзяржаўная праграма па развіцці сельскіх тэрыторый у 2011-2015 гадах.-0-