У Віцебскай вобласці ў склад выбаркамаў па выбарах у Палату прадстаўнікоў увайшлі 195 чалавек
Персанальны склад Віцебскай абласной і 14 акруговых выбарчых камісій па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу зацверджаны ўчора на сумесным пасяджэнні прэзідыума абласнога Савета дэпутатаў і аблвыканкама.
Склад усіх камісій зацверджаны ў максімальным складзе – па 13 чалавек. Такім чынам, у камісіях будуць працаваць 195 чалавек – гэта прадстаўнікі грамадскіх аб'яднанняў, палітычных партый, працоўных калектываў і грамадзян. Усяго ж было вылучана больш за 280 чалавек. Адбор праходзіў шляхам адкрытага галасавання па кожнай кандыдатуры. Адкрываючы сумеснае пасяджэнне, старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарстнёў падкрэсліў, што цяперашняя выбарчая кампанія ў Палату прадстаўнікоў мае некаторыя новаўвядзенні. У прыватнасці, выбары будуць праводзіцца ў адзін тур – для абрання дэпутата неабходны ўдзел у галасаванні больш за палову выбаршчыкаў акругі і атрыманне кандыдатам адноснай большасці галасоў. Упершыню на парламенцкіх выбарах фарміруюцца абласныя і Мінская гарадская выбарчыя камісіі, якім перададзена частка паўнамоцтваў Цэнтрвыбаркама. "Фарміраванне камісій – адзін з важных этапаў выбарчай кампаніі. Склад выбаркамаў павінен быць падабраны па высокіх дзелавых, маральных і чалавечых якасцях", – падкрэсліў кіраўнік вобласці. Ён нагадаў, што 24 чэрвеня завяршылася вылучэнне прадстаўнікоў у абласную і акруговыя камісіі.
"Усе суб'екты, якія валодаюць правам вылучэння сваіх прадстаўнікоў у склад камісій, скарысталіся ім. Кандыдатуры былі вылучаны палітычнымі партыямі, грамадскімі аб'яднаннямі, працоўнымі калектывамі і грамадзянамі. Інфармацыя аб вылучэнцах размешчана на сайце аблвыканкама", – заключыў губернатар. Сваіх прадстаўнікоў у склад камісій вылучылі Беларуская партыя левых "Справядлівы свет", Камуністычная партыя Беларусі, Ліберальна-дэмакратычная партыя, партыя БНФ, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці, а таксама грамадскія аб'яднанні "Белая Русь", БРСМ, Беларускае грамадскае аб'яднанне ветэранаў, Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, Беларускі саюз ветэранаў вайны ў
Афганістане, БОКК, Беларускі фонд міру, Беларускі саюз жанчын, грамадскае аб'яднанне БНФ "Адраджэнне", грамадскае аб'яднанне "Рух "За свабоду" і інш.
Склад выбаркамаў зацверджаны, і цяпер мясцовыя органы ўлады павінны вылучыць камісіям памяшканні для працы, забяспечыць іх неабходнай аргтэхнікай і сувяззю, а таксама вызначыць час правядзення першых пасяджэнняў. Што тычыцца абласной камісіі, то яе арганізацыйнае пасяджэнне адбудзецца ўжо заўтра (28 чэрвеня). Жыхарам Віцебскай вобласці 11 верасня трэба будзе выбраць 14 дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў.
Алена Ціханава - БЕЛТА.