У Віцебскай вобласці ў склад участковых выбарчых камісій вылучана больш за 9,8 тыс. прадстаўнікоў

В Витебской области в состав участковых избирательных комиссий выдвинуто более 9,8 тыс. представителей
Этап фарміравання ўчастковых камісій па выбарах Прэзідэнта Беларусі завяршаецца 24 чэрвеня. Мяркуючы па працэсе вылучэння прадстаўнікоў у іх склад, актыўнасць суб'ектаў выбарчага працэсу захавалася на ўзроўні прэзідэнцкіх выбараў 2015 года: цяпер, як і тады, у сярэднім на адну камісію прыпадае каля 13 вылучэнцаў.

Усяго ў склад 750 участковых камісій вылучана крыху больш за 9,8 тыс. прадстаўнікоў. Традыцыйна да гэтага працэсу найбольшую цікавасць праяўляюць грамадзяне і грамадскія аб'яднанні, якія дэлегавалі адпаведна 40,9% і 49,7% ад агульнай колькасці прэтэндэнтаў на працу ў камісіях. Прычым сярод усіх абласцей жыхары Віцебшчыны найбольш актыўна збіралі подпісы для вылучэння сваіх прадстаўнікоў у камісіі, саступіўшы ў гэтым аспекце толькі Міншчыне.

Цікавасць да працы ва ўчастковых выбаркамах праявілі 7 палітычных партый. Больш за ўсё актывістаў вылучыла Камуністычная партыя Беларусі — 76. Акрамя таго, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці дэлегавала 25 сваіх членаў, Партыя БНФ — 24, Аб'яднаная грамадзянская партыя — 20, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) — 19, ЛДП — 6, Беларуская аграрная партыя — 1.

Іншыя грамадскія аб'яднанні вылучылі больш за 4,7 тыс. прадстаўнікоў, у тым ліку звыш 1,6 тыс. — прафесійныя саюзы, якія ўваходзяць у ФПБ, ГА «Белая Русь» — 625, Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі — каля 600, грамадскае аб'яднанне ветэранаў — 575, Беларускі саюз жанчын — 487.

Тым часам тэрытарыяльныя камісіі праводзяць праверку дакладнасці подпісаў выбаршчыкаў у падпісных лістах, здадзеных членамі ініцыятыўных груп прэтэндэнтаў на вышэйшую дзяржаўную пасаду. Гэты этап павінен завяршыцца не пазней за 29 чэрвеня.

"Віцебскія весці".