У Віцебскай вобласці ўкараняецца відэасістэма дыстанцыйнага назірання пры падатковым маніторынгу

У Віцебскай вобласці з чэрвеня 2018 года пры правядзенні падатковых маніторынгаў упершыню ў Беларусі выкарыстоўваецца відэасістэма дыстанцыйнага назірання, паведамілі ў прэс-службе абласной падатковай інспекцыі.

Пілотны праект рэалізуецца па ініцыятыве ІМПС па Віцебскай вобласці, у наступным гэты вопыт плануецца распаўсюдзіць па ўсёй краіне, адзначылі ў прэс-службе. Відэасістэма ўсталёўваецца ў офісе суб'екта гаспадарання, дзейнасць якога маніторыцца. У выніку кантроль ажыццяўляецца ў рэжыме анлайн, пры гэтым не патрабуецца прысутнасць супрацоўнікаў падатковых органаў непасрэдна ў памяшканні плацельшчыка.

Актуальнасць укаранення сучасных тэхналогій звязана з тым, што асноўнай задачай падатковай службы з'яўляецца забеспячэнне выплаты падатковых плацяжоў у бюджэт за кошт павышэння падатковай пісьменнасці і дысцыпліны плацельшчыкаў. У сувязі з гэтым падатковыя інспекцыі Віцебскай вобласці актыўна выкарыстоўваюць маніторынг, які дазваляе своечасова выяўляць парушэнні без правядзення праверкі. Плацельшчык можа выправіць сітуацыю і ў час заплаціць падаткі.

З пачатку бягучага года ў вобласці па выніках маніторынгаў накіравана больш за 50 такіх рэкамендацый, а сума добраахвотна выплачаных падаткаў перавысіла Br9 тыс. Таксама значна вырасла роля камеральнага кантролю. Па выніках правядзення такіх кантрольных мерапрыемстваў у 2018 годзе плацельшчыкам накіравана каля 3,4 тыс. паведамленняў аб выяўленых разыходжаннях сум падаткаў, заяўленых у дэкларацыях. У выніку ў бюджэт дадаткова паступіць каля Br21 млн.

Да камеральнага кантролю можа звяртацца не толькі падатковы орган, але і плацельшчык - у мэтах самакантролю, каб пазбегнуць непрадбачаных памылак. У Віцебскай вобласці з пачатку бягучага года выяўлены памылкі пры вылічэнні ПДВ у больш чым 1,7 тыс. плацельшчыкаў. У выніку падатковыя абавязацельствы суб'ектаў гаспадарання павялічаны на суму звыш Br6 млн, пры гэтым штрафныя санкцыі да іх не прымяняліся, падкрэслілі ў прэс-службе.

БЕЛТА.