У Віцебскай вобласці падчас сяўбы пройдуць практыку больш за 700 навучэнцаў ПТВ і ССНУ
У Віцебскай вобласці больш за 700 навучэнцаў ПТВ і ССНУ плануецца накіраваць у сельгасарганізацыі для праходжання вытворчай практыкі падчас вясенніх палявых работ, паведамілі ў галоўным упраўленні па адукацыі Віцебскага аблвыканкама.
Моладзь будзе замацоўваць веды і навыкі па такіх спецыяльнасцях, як трактарыст-машыніст, тэхнік-механік, электразаршчык, слесар па рамонце сельгасмашын і аўтатэхнікі. Наладжваецца цеснае ўзаемадзеянне з камітэтам па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама па арганізацыі вытворчай практыкі на базе лепшых гаспадарак рэгіёну, перагледжаны вучэбныя планы па ўсіх спецыяльнасцях з мэтай павелічэння тэрміну практыкі прыкладна ў два разы, а таксама пашырэння вытворчага навучання.
Акрамя таго, для азнаямлення з сучаснымі тэхналогіямі і абсталяваннем рэгулярна арганізуюцца стажыроўкі для выкладчыкаў і майстроў вытворчага навучання ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. У 2018 годзе стажыроўкі прайшлі больш за 150 спецыялістаў на базе амаль 160 арганізацый і рэсурсных цэнтраў у Віцебску і Гарадку.
Па дадзеных камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама, для правядзення вясенніх палявых работ сельгасарганізацыям неабходна больш за 6,3 тыс. механізатараў, у тым ліку для працы на энергонасычанай тэхніцы ў двухзменным рэжыме каля 1,4 тыс. чалавек. Кадравы дэфіцыт трэба будзе ліквідаваць за кошт прыцягнення прыкладна 220 работнікаў па дагаворах падраду і пераводу з іншых участкаў у гаспадарках. Для аказання дапамогі гаспадаркам плануецца накіраваць каля 560 спецыялістаў прампрадпрыемстваў.