У Віцебскай вобласці адноўлена энергазабеспячэнне ўсіх пацярпелых ад ветру населеных пунктаў
8 жніўня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У Віцебскай вобласці адноўлена энергазабеспячэнне ўсіх пацярпелых ад ветру населеных пунктаў, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў РВУП "Віцебскэнерга".
Усяго за 7 жніўня ў выніку праходжання моцнага ветру з парывамі да 20 м/с у рэгіёне адбылося аварыйнае адключэнне энергазабеспячэння 82 ліній электраперадачы, 1242 трансфарматарных падстанцый, 634 населеных пунктаў, 88 ферм, 46 збожжасушыльных комплексаў. У ліку найбольш пацярпелых раёнаў апынуліся Пастаўскі, Гарадоцкі, Полацкі і Докшыцкі раёны.
На аднаўленні энергазабеспячэння было занята звыш 80 брыгад агульнай колькасцю больш за 400 чалавек. Сярэдні час рамонту склаў каля 4 гадзін. Пры гэтым першачарговыя намаганні рамонтных брыгад былі накіраваны на аднаўленне сельскагаспадарчых аб'ектаў, звязаных з уборкай ураджаю, падкрэслілі ў "Віцебскэнерга".