У Віцебскай вобласці аднавілі прызначэнне імянных стыпендый спартсменам
Па словах начальніка ўпраўлення спорту і турызму Віцебскага аблвыканкама Васіля Захарэвіча, раней стыпендыі выплачваліся спартсменам на працягу многіх гадоў і спыніліся ў сувязі з нестыкоўкамі галіновага і фінансавага заканадаўства са студзеня 2017 года. У бягучым годзе выйшаў шэраг заканадаўчых дакументаў, якія рэгламентуюць гэту сферу, што дазволіла аднавіць гэту практыку. З гэтай мэтай у рэгіёне была ўтворана абласная камісія па пытаннях выплаты стыпендый вядучым спартсменам вобласці. Ад арганізацый фізічнай культуры і спорту, сярэдніх школ, вучылішчаў алімпійскага рэзерву ў яе паступіла 226 прадстаўленняў на спартсменаў, якія прэтэндавалі на атрыманне стыпендыі.
Па выніках разгляду дакументаў камісія вызначыла 100 спартсменаў па 17 алімпійскіх і 4 неалімпійскіх відах спорту, якім яна будзе прызначана. Выплаты рознага памеру (у залежнасці ад значнасці спартыўных дасягненняў) будуць ажыццяўляцца са сродкаў, прадугледжаных у бюджэце вобласці на сферу фізічнай культуры і спорту. Пакуль стыпендыя будзе прызначацца на чатыры месяцы, у пачатку 2019 года дэпутаты яшчэ раз разгледзяць гэтае пытанне з мэтай павелічэння тэрміну прызначэння да года. Па выніках 2017 года спартсмены вобласці заваявалі на міжнароднай арэне 136 медалёў (гэта другі паказчык па краіне сярод рэгіёнаў). З пачатку 2018 года яны дадалі ў скарбонку рэгіёну 139 медалёў.
"Прызначэнне вядучым і перспектыўным спартсменам вобласці імянных стыпендый з'яўляецца важным стымулюючым фактарам у іх падрыхтоўцы", - адзначыў Васіль Захарэвіч.
Старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў падкрэсліў, што ў цяперашні час у вобласці шмат робіцца для развіцця інфраструктуры і базы спартыўных аб'ектаў. Будуюцца новыя аб'екты як для насельніцтва, так і для заняткаў спортам вышэйшых дасягненняў. "Каб там займаліся сапраўдныя спартсмены, трэба аказваць падтрымку. Асабліва важна гэта для маладых спартсменаў, якія яшчэ толькі пачынаюць паказваць свае першыя важкія вынікі", - перакананы кіраўнік дэпутацкага корпуса вобласці.