У Віцебскай вобласці ўсе наступствы непагадзі плануецца ліквідаваць на працягу студзеня

У Віцебскай вобласці на ліквідацыю ўсіх наступстваў непагадзі спатрэбіцца каля трох тыдняў. Пра гэта паведаміў сёння журналістам генеральны дырэктар РУП «Віцебскэнерга» Андрэй Панчанка перад пасяджэннем Віцебскага аблвыканкама па пытанні рэагавання на негатыўныя наступствы надзвычайных сітуацый у зімовы перыяд.

Анамальная сітуацыя склалася ў рэгіёне на мяжы новага года. У апошніх чыслах 2020 года, а менавіта з 29 снежня, прайшлі лядовыя дажджы, што прывяло да ўтварэння моцнай галалёдзіцы, масавага абляднення і падзення дрэў, у тым ліку на лініі электраперадач у 10 раёнах вобласці. Найбольш моцна пацярпелі Віцебскі і Аршанскі раёны. У выніку выйшлі з ладу звыш 1,6 тыс. трансфарматарных падстанцый, больш за 600 населеных пунктаў былі абясточаны. Без электразабеспячэння апынуліся некаторыя сельскагаспадарчыя аб'екты, установы аховы здароўя і сацабслугоўвання. Другая хваля прыродных катаклізмаў прыйшлася на 1–5 студзеня, калі ў заходніх раёнах рэгіёну выпалі багатыя снегапады. 

Па словах Андрэя Панчанкі, акрамя ўласных сіл «Віцебскэнерга», выкліканых з найменш пацярпелых раёнаў, дапамогу ў ліквідацыі наступстваў стыхіі аказвалі брыгады «Гроднаэнерга» і «Мінскэнерга». Былі задзейнічаны ўсе людскія і тэхнічныя рэзервы, у тым ліку і дызель-генератары.  Гэта звыш 600 чалавек і 100 адзінак тэхнікі. Работы па аднаўленні электразабеспячэння ў Віцебскім і Аршанскім раёнах у асноўным былі завершаны 4 студзеня, больш дробныя пашкоджанні ліквідаваліся таксама і 5 студзеня.  У Полацкім раёне ўсе спажыўцы былі падключаны 5 студзеня.  

– Пашкоджанні, якія нанесла прырода, дастаткова сур'ёзныя. Для іх поўнага ліквідавання нам спатрэбіцца яшчэ каля трох тыдняў. Гэтыя работы будуць праводзіцца да канца студзеня, але на электразабеспячэнне яны ўжо не ўплываюць. Таксама падлічваецца шкода, нанесеная прыроднымі з'явамі, – канстатаваў Андрэй Панчанка.