У Віцебскай вобласці выберуць найлепшых прадпрымальнікаў
Абласны этап рэспубліканскага конкурсу «Лепшы прадпрымальнік» штогод становіцца знакавай падзеяй для рэгіёна. Яго пераможцы атрымліваюць дыпломы і памятныя сувеніры і прадстаўляюць Віцебшчыну на рэспубліканскім узроўні. Але галоўнае, лічаць арганізатары, удзел у конкурсе дае магчымасць прадпрымальнікам заявіць пра сябе і ўласную прадукцыю, унесці важкі ўклад у стварэнне іміджу сваёй кампаніі.
Як паведаміў начальнік упраўлення прадпрымальніцтва камітэта эканомікі Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Трафімаў, для ўдзелу прыватным суб'ектам гаспадарання і індывідуальным прадпрымальнікам неабходна звярнуцца ў райвыканкамы, якія і зоймуцца зборам усёй неабходнай для падвядзення вынікаў інфармацыі. Будуць названы лідары ў 16 намінацыях: лепшых вызначаць у вытворчасці прадуктаў, прамысловых тавараў, у будаўнічай індустрыі, сферы інфармацыйных тэхналогій, рознічным гандлі, грамадскім харчаванні, медыцынскай і фармацэўтычнай дзейнасці, турызме і гасцінічным абслугоўванні, аказанні транспартных паслуг і інш. Заяўкі на ўдзел прымаюцца да канца сакавіка. Вынікі будуць падведзены 1 красавіка 2014 года.
На думку выканаўчага дырэктара Асацыяцыі наймальнікаў і прадпрымальнікаў Віцебскай вобласці Ніны Лук'янавай, конкурс вельмі актуальны. Па-першае, ён дае магчымасць убачыць тых людзей, якія ўносяць уклад у эканоміку рэгіёна, займаючыся развіццём сваёй справы, па-другое, спрыяе стварэнню станоўчага іміджу прадпрымальніцтва.
Вольга Маслоўская, "Віцебскія весці"