У Віцебскай вобласці выберуць рэгіён з самай бяспечнай дарожнай абстаноўкай

5 лістапада, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У Віцебскай вобласці выберуць рэгіён з найбольш бяспечнай дарожнай абстаноўкай, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзялення агітацыі і прапаганды ўпраўлення ДАІ УУС Віцебскага аблвыканкама Алеся Сярэгіна. Абласны агляд-конкурс праводзіцца да 10 снежня. За гэты перыяд супрацоўнікам ДАІ трэба будзе ацаніць у кожным з рэгіёнаў вобласці ступень выканання правілаў дарожнага руху, узаемную ветлівасць кіроўцаў і пешаходаў. Таксама будуць улічвацца выкарыстанне насельніцтвам святлоадбівальных элементаў, абсталяванне такімі элементамі веласіпедаў і гужавых павозак, наяўнасць святлоадбівальных камізэлек у веласіпедыстаў. Ацэнку дадуць і ўзроўню агульнага ўтрымання вулічна-дарожнай сеткі, наяўнасці дарожных знакаў, аўтаматычных сродкаў рэгулявання дарожнага руху, асветленасці ў цёмны час сутак. У ліку іншых крытэрыяў - эфектыўнасць прафілактычнай работы саміх інспектараў Дзяржаўтаінспекцыі, стаўленне мясцовай выканаўчай улады да вырашэння праблемных пытанняў забеспячэння дарожнай бяспекі. На падставе ўсіх даных адказная камісія УДАІ УУС Віцебскага аблвыканкама падвядзе вынікі конкурсу і назаве трох прызёраў. Акцыя праводзіцца з мэтай прыцягнення ўвагі грамадскасці да праблемы дарожнай бяспекі сярод усіх катэгорый удзельнікаў дарожнага руху. Паводле даных на 5 лістапада, у Віцебскай вобласці адбылося 597 ДТЗ, што на 135 здарэнняў менш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. У аварыях загінуў 151 чалавек (на 6 менш) і 610 атрымалі раненні (на 137 менш). З удзелам дзяцей зафіксавана 61 ДТЗ, у якіх 6 непаўналетніх загінулі і 55 паранены. -0-