У Віцебскай вобласці выбары ў Савет Рэспублікі адбудуцца 25 верасня
5 верасня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У Віцебскай вобласці выбары ў Савет Рэспублікі адбудуцца 25 верасня. Такое рашэнне прынята сёння на сумесным пасяджэнні Прэзідыума Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў і Віцебскага аблвыканкама, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У перыяд з 27 па 29 жніўня ў рэгіёне адбыліся сумесныя пасяджэнні прэзідыумаў раённых, гарадскіх Саветаў дэпутатаў і раённых гарадскіх выканаўчых камітэтаў, на якіх былі вылучаны кандыдаты ў члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі ад Віцебскай вобласці. Кандыдатамі вылучаны 8 чалавек: дырэктар даччынага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства "Дзяржбудэкспертыза па Віцебскай вобласці" Мікалай Коневалаў, старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец, старшыня Наваполацкага гарвыканкама Наталля Качанава, дырэктар сумеснай юрыдычнай асобы з абмежаванай адказнасцю "Марка" Мікалай Мартынаў, галоўны ўрач Аршанскай цэнтральнай паліклінікі Уладзімір Плыткевіч, рэктар Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава Аляксандр Саладкоў, дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства "Віцебская бройлерная птушкафабрыка" Ганна Шарэйка і генеральны дырэктар вытворчага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства "Віцебскаблгаз" Пётр Шэршань.
Выбары пройдуць шляхам тайнага галасавання 25 верасня на пасяджэнні Саветаў дэпутатаў базавага ўзроўню. Усяго ў складзе дэпутацкага корпуса названых Саветаў 838 чалавек. Месцам правядзення пасяджэння вызначана канцэртная зала "Віцебск". Акрамя таго, на мерапрыемства будуць запрошаны члены Прэзідыума абласнога Савета дэпутатаў, аблвыканкама, кіраўнікі камітэтаў, упраўленняў, аддзелаў аблвыканкама, абласных службаў і ведамстваў, старшыні гарадскіх і раённых службаў і ведамстваў, гарадскіх і раённых выканкамаў, кіраўнікі адміністрацый раёнаў Віцебска, сродкаў масавай інфармацыі. -0-