У Віцебскай вобласці вылучаюць дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу

VI Усебеларускі народны сход пройдзе 11-12 лютага. На абмеркаванне дэлегатаў будуць вынесены асноўныя палажэнні Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2021-2025 гады і напрамкі грамадска-палітычнага развіцця краіны. У працэс вылучэння і выбрання ўдзельнікаў маштабнага форуму ўключыліся прадстаўнікі Віцебскай вобласці.

У адпаведнасці з Указам кіраўніка дзяржавы, агульная колькасць удзельнікаў і запрошаных асоб VI Усебеларускага народнага сходу складзе 2,7 тыс. чалавек. Удзельнікі форуму ад абласцей і Мінска абіраюцца з улікам норм прадстаўніцтва раённымі і гарадскімі Саветамі дэпутатаў і найбольш шматлікімі грамадскімі аб'яднаннямі. Пры гэтым ад кожнай вобласці ў сходзе прыме ўдзел не больш за 310 грамадзян.

30 снежня на сесіі Віцебскага гарадскога Савета дэпутатаў выбраны 30 чалавек у якасці ўдзельнікаў VI Усебеларускага народнага сходу. Гэта прадстаўнікі гарсавета і абласнога Савета дэпутатаў. Сярод іх ёсць прадстаўнікі прамысловасці, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, адукацыі, аховы здароўя і сацыяльнага абслугоўвання, сродкаў масавай інфармацыі, вайскоўцы. Яны прымалі актыўны ўдзел у працы грамадскіх прыёмных, дыялогавых пляцовак, таму ведаюць, якія праблемы хвалююць жыхароў горада.

Як удакладніў старшыня гарсавета Уладзімір Белевіч, прадугледжана два спосабы вылучэння: ад Саветаў дэпутатаў і ад грамадскіх аб'яднанняў.

Віцебская абласная арганізацыя ГА «Беларускі саюз жанчын» накіруе на маючы адбыцца форум агульнадзяржаўнага значэння 10 сваіх дэлегатаў. Кандыдатуры, вылучаныя раённымі прадстаўніцтвамі, сёння былі зацверджаны на пасяджэнні праўлення абласной арганізацыі жаночага савета, якое прайшло ў рэжыме відэаканферэнцсувязі.

Сярод дэлегатаў – педагогі, медыкі, работніцы сацыяльнай службы, прамысловага сектара паўночнага рэгіёна. Як адзначыла старшыня абласной арганізацыі БСЖ Алена Мартынава, усе яны – годныя прадстаўніцы жаночага руху на Віцебшчыне, якія праявілі сябе і ў грамадскай дзейнасці, і на сваіх працоўных месцах, маюць павагу і падтрымку ў сваіх працоўных калектывах.

"Віцебскія весці".