У Віцебскай вобласці за 15 гадоў колькасць дзіцячых інтэрнатных устаноў зменшылася ў тры разы

В Витебской области за 15 лет количество детских интернатных учреждений уменьшилось в три раза
За час дзеяння дэкрэта №18 у вобласці значна зменшылася колькасць дзяцей, якія губляюць сваю сям'ю. За 8 месяцаў бягучага года 192 дзіцяці апынуліся ў такім становішчы (іх бацькі пазбаўленыя бацькоўскіх правоў). 77% гэтых дзяцей уладкавана на сямейныя формы выхавання.

У Віцебскай вобласці за апошнія 15 гадоў колькасць дзіцячых інтэрнатных устаноў зменшылася ў тры разы. Пра гэта паведаміў сёння журналістам начальнік упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Іван Шчурок пасля адкрыцця першага ў Полацкім раёне дзіцячага дома сямейнага тыпу ў аграгарадку Жарнасекі.

Іван Шчурок адзначыў, што за час дзеяння дэкрэта №18 у вобласці значна зменшылася колькасць дзяцей, якія губляюць сваю сям'ю. "За 8 месяцаў бягучага года 192 дзіцяці апынуліся ў такім становішчы (іх бацькі пазбаўленыя бацькоўскіх правоў). 77% гэтых дзяцей уладкавана на сямейныя формы выхавання. У цэлым у нас з 3 тыс. 565 дзяцей-сірот і тых, хто апынуўся без бацькоўскай апекі, на сямейных формах выхавання 72%", - сказаў начальнік упраўлення. Ён прывёў яшчэ некалькі лічбаў: 15 гадоў таму ў рэгіёне было 23 інтэрнатныя ўстановы, цяпер іх засталося 7. "Мы і надалей будзем праводзіць працу па максімальным уладкаванні дзяцей у сем'і і скарачэнні інтэрнатаў", - падкрэсліў Іван Шчурок. Будаўніцтва новых дамоў для прыёмных сем'яў стала не толькі дзяржаўнай, але агульнанароднай справай, у якую ўцягваюцца ўсё новыя структуры.

"Людзі адгукаюцца на чужы боль не толькі тым, што бяруць на выхаванне дзяцей, але і тым, што аказваюць спонсарскую дапамогу. За апошнія 3 гады ў нас пабудавана 4 такія дзіцячыя дамы за кошт сродкаў банкаў, адкрыты ў Полацкім раёне - ужо пяты", - удакладніў начальнік упраўлення адукацыі. Дзеці, якія адсвяткавалі наваселле ў гэтых дамах, здабылі самае галоўнае - сям'ю. "Бацькі будуць кантраляваць іх вучобу, перадаваць свае веды і ўменні. Я прыхільнік таго, каб паслядоўна, паступова вырашаць пытанні па выхаванні такой катэгорыі дзяцей у сем'ях. Самы лепшы інтэрнат ці дзіцячы дом ніколі не заменіць сям'ю", - сказаў суразмоўца. У рэгіёне адкрыта 27 дзіцячых дамоў сямейнага тыпу і яшчэ 3 павінны з'явіцца да канца бягучага года (у Віцебскім раёне, Паставах і Гарадку). "У далейшым плануецца штогод будаваць не менш двух дзіцячых дамоў сямейнага тыпу. Хочацца спадзявацца, што будуць з'яўляцца і дамы, пабудаваныя за спонсарскую дапамогу", - рэзюмаваў начальнік упраўлення.

У адкрытым сёння ў Полацкім раёне доме будуць выхоўвацца дзевяць дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Бацькі-выхавальнікі Ганна і Аляксандр Галабародавы маюць вялікі досвед працы з дзецьмі - у іх двое родных дзяцей, адзін з якіх ужо жыве асобна, а з 2007 года ў сям'і выхоўваюцца і прыёмныя. Ганна Галабародава да таго ж педагог з 26-гадовым стажам. Абодва бацькі прайшлі спецыяльную падрыхтоўку ў Віцебскім абласным інстытуце развіцця адукацыі. Да сённяшняга дня прыёмная сям'я жыла ў прыватным доме ў Полацку, там выхоўваліся пяцёра прыёмных і адно роднае дзіця.

Наваселле адзначалі ўжо ў большай кампаніі - сям'я папоўнілася яшчэ чатырма прыёмнымі дзецьмі, якія да гэтага выхоўваліся ў Ветрынскай школе-інтэрнаце, расфарміраванай 1 верасня. Дзіцячы дом сямейнага тыпу ўзведзены ў аграгарадку Жарнасекі спецыялістамі прадпрыемства "Полацкая будаўнічая перасоўная механізаваная калона - 36" за сродкі інвестара - ЗАТ "Банк ВТБ". У будаўніцтва накіравана больш за Br2,4 млрд. Катэдж аснашчаны бытавой тэхнікай і мэбляй, праведзена добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі. У урачыстай цырымоніі адкрыцця прынялі ўдзел старшыня Полацкага райвыканкама Мікалай Шаўчук, старшыня праўлення ЗАТ "Банк ВТБ" (Беларусь) Уладзімір Іваноў.

Алена Ціханава, БЕЛТА.