У Віцебскай вобласці за два дні кастрычніка прышчэплена звыш 51 тыс. чалавек
У Віцебскай вобласці за два дні кастрычніка прышчэплена ўжо звыш 51 тыс. чалавек, паведаміў галоўны дзяржаўны санітарны ўрач вобласці Уладзімір Сінкевіч.
Асноўная партыя грыпозных вакцын паступіла на ўзбраенне медыкаў Віцебскай вобласці ў колькасці амаль 290 тыс. доз. "Масавая імунізацыя супраць грыпу стартавала 1 кастрычніка. За кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту ўжо паступіла каля 78,5 тыс. доз, мясцовага - 130 тыс., за кошт сродкаў прадпрыемстваў і арганізацый - 78,4 тыс. У гэтым годзе вакцынацыя ад грыпу за бюджэтныя сродкі будзе праводзіцца вакцынай "Грыпол плюс" вытворчасці расійскай кампаніі ТАА "НВА Петровакс Фарм". Актыўная праца па імунізацыі працягваецца. Усяго плануецца зрабіць прышчэпкі не менш чым 40% працуючага насельніцтва", - адзначыў Уладзімір Сінкевіч.
Ён падкрэсліў, што вакцынацыя - гэта спецыфічная мера прафілактыкі, якая на працягу многіх дзесяцігоддзяў дазваляе прадухіляць эпідэміі і цяжкія выпадкі захворвання на грып. Вынікі праведзенага эпідэміялагічнага аналізу захворвання на працягу мінулага эпідсезона 2014-2015 гадоў паказалі высокую эфектыўнасць імунізацыі.
"Вакцынацыя праводзіцца ў арганізацыях аховы здароўя вобласці: звярнуўшыся ў паліклініку па месцы жыхарства, можна атрымаць больш падрабязную інфармацыю. У першую чаргу неабходна праводзіць імунізацыю супраць грыпу сярод асоб з груп высокай рызыкі заражэння і наступстваў ад грыпознай інфекцыі. Непрышчэплены чалавек падвяргае небяспецы не толькі сябе, але і навакольных у выпадку заражэння", - дадаў галоўны дзяржаўны санітарны ўрач рэгіёна.
Э. Князева, БЕЛТА.