У Віцебскай вобласці за І паўгоддзе ў сельскую мясцовасць перасяліліся 76 сем'яў

30 ліпеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У Віцебскай вобласці за першае паўгоддзе ў сельскую мясцовасць перасяліліся 76 сем'яў. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў камітэце па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама. Гэты паказчык з'яўляецца самым высокім сярод усіх рэгіёнаў рэспублікі і складае трэць ад усёй колькасці сем'яў, якія перасяліліся ў сельскую мясцовасць (усяго па рэспубліцы - 241), адзначылі спецыялісты. Сярод раёнаў Віцебскай вобласці сем'і, якія вырашылі змяніць месца жыхарства, найбольшую перавагу аддалі Віцебскаму (9 сем'яў), Лепельскаму (7), Гарадоцкаму і Аршанскаму (па 6), а таксама Пастаўскаму, Шаркаўшчынскаму і Шумілінскаму (па 4) раёнам. Пры гэтым ініцыятарамі перасялення ў 52% выпадкаў выступілі жанчыны. Характэрны і той факт, што міграцыя ажыццяўлялася як з горада ў сельскую мясцовасць, так і ў многіх выпадках з аднаго раёна ў суседні або ў межах аднаго раёна. Зацікаўленасць многіх беспрацоўных пераездам у сельскую мясцовасць тлумачыцца вялікім выбарам прапанаваных месцаў працаўладкавання, правядзеннем шырокай інфармацыйнай работы, а таксама ўсебаковай дапамогай, якая аказваецца пры перасяленні, адзначылі ў камітэце. Так, акрамя жылля кіраўнік сям'і атрымлівае пяць бюджэтаў пражытачнага мінімуму (цяпер БПМ складае Br266 тыс. 230) і па адным на кожнага члена сям'і, які перасяляецца разам з ім. Кампэнсуюцца і выдаткі, звязаныя з пераездам. Узровень рэгістраванай беспрацоўнасці ў Віцебскай вобласці на 1 ліпеня склаў 1,1% да колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва пры гранічна дапушчальным паказчыку ў 1,6%. Колькасць беспрацоўных знізілася ў параўнанні са студзенем-чэрвенем 2009 года на 7,2% да 6,2 тыс. чалавек. Садзейнічанне ў працаўладкаванні за шэсць месяцаў аказана 18,1 тыс. грамадзян, у тым ліку 11,9 тыс. беспрацоўных (выкананне гадавога задання склала адпаведна 51,8% і 57,6%). На прафесійнае навучанне і перападрыхтоўку накіравана каля 2,1 тыс. чалавек (54,3% да плана). Па заяўках наймальнікаў з гарантыяй наступнага працаўладкавання арганізавана навучанне 735 беспрацоўных - фактычна кожнага трэцяга ад колькасці накіраваных на пераабучэнне. Да часовай занятасці ў выглядзе аплатных грамадскіх работ прыцягнута 7,4 тыс. чалавек. Садзейнічанне ў арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці аказана 326 беспрацоўным.-0-