У Віцебскай вобласці за невыкананне Дырэктывы №2 да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнуты 90 чыноўнікаў

9 верасня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. У Віцебскай вобласці за невыкананне патрабаванняў Дырэктывы №2 "Аб мерах па далейшай дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарату" і заканадаўства аб зваротах грамадзян да дысцыплінарнай адказнасці за паўгода прыцягнуты 90 чыноўнікаў, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле па рабоце са зваротамі грамадзян Віцебскага аблвыканкама. Спытанне да чыноўнікаў узмацняецца: летась за студзень-чэрвень дысцыплінарныя спагнанні былі вынесены 56 службовым асобам выканаўчых і распарадчых органаў. Разам з тым у аблвыканкаме канстатуюць, што ў першым паўгоддзі бягучага года на 16,4% скарацілася колькасць зваротаў грамадзян у гаррайвыканкамы, што сведчыць аб зніжэнні даверу насельніцтва да выканаўчых і распарадчых органаў базавага ўзроўню. У зваротах грамадзян пераважаюць пытанні жыллёва-камунальнай гаспадаркі, доля якіх складае 26%. Колькасць такіх зваротаў у параўнанні з першым паўгоддзем 2008 года ўзрасла на траціну. Актуальнымі застаюцца пытанні ўтрымання жылых дамоў, выканання тэрмінаў капітальнага рамонту, яго правядзення і якасці. Гаррайвыканкамы дапускаюць выпадкі валакіты ў вырашэнні зваротаў грамадзян, якія тычацца жыллёвых праваадносін: парушэнне парадку і тэрмінаў адміністрацыйных працэдур па пастаноўцы на ўлік тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, прыватызацыі жылля, прызнанні жылля неадпаведным санітарным і тэхнічным патрабаванням. Паводле даных супрацоўнікаў аддзела аблвыканкама, на базавым узроўні маюць месца выпадкі фармальнага разгляду зваротаў па пытаннях землеўпарадкавання і землекарыстання. У першым паўгоддзі ў Віцебскі аблвыканкам паступілі 1974 звароты грамадзян, іх колькасць узрасла на 18,9% да аналагічнага перыяду мінулага года. З паступіўшых зваротаў 1021 адносілася да кампетэнцыі гаррайвыканкамаў і падпарадкаваных ім органаў.-0-