У Віцебскай вобласці захворванне на туберкулёз за пяць гадоў знізілася на 16%
18 сакавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У Віцебскай вобласці захворванне на туберкулёз за пяць гадоў знізілася на 16%. Пра гэта паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі загадчык арганізацыйна-метадычным кабінетам Віцебскага абласнога клінічнага супрацьтуберкулёзнага дыспансера Павел Грэдзяль, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Так, калі ў 2005 годзе было зарэгістравана 599 чалавек, хворых на туберкулёз, то за мінулы год - 486 жыхароў рэгіёна. Смяротнасць знізілася на 35,3% (у 2005 годзе - памерла 142 чалавекі, у 2009-м - 89). Станоўчая тэндэнцыя да зніжэння захворвання на туберкулёз назіраецца сярод дзяцей і падлеткаў. "Апошнія два гады выяўляюцца адзінкавыя выпадкі. Пры гэтым сярод хворых - дзеці з неспрыяльных сем'яў, дзе ёсць хворыя сваякі", - адзначыў Павел Грэдзяль.
Па яго словах, стабілізаваць сітуацыю з захворваннем дапамог высокі штогадовы ахоп насельніцтва прафілактычным рэнтгенафлюараграфічным абследаваннем. У 2007 годзе ў Віцебскай вобласці такім чынам было абследавана 812 тыс. чалавек, у 2008-м - 868 тыс., а ў 2009 годзе - 889,5 тыс.
Акрамя таго, істотную ролю адыграло планамернае умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы профільных лячэбных устаноў, укараненне новых метадаў лячэння. Толькі за мінулы год на гэтыя мэты было накіравана Br2,4 млрд. У бягучым годзе аб'ём укладанняў плануецца ў суме Br1,5 млрд. У цэлым за 2010-2014 гады ў рэгіёне па дзяржаўнай праграме "Туберкулёз" плануецца забяспечыць усе раёны флюараграфічнай тэхнікай і ўкараніць тэлемедыцынскую сістэму лічбавай флюараграфіі, дадаў Павел Грэдзяль.-0-