У Віцебскай вобласці зачыняць бары і рэстараны, якія парушаюць правілы пажарнай бяспекі
16 снежня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Забаўляльныя ўстановы Віцебскай вобласці, якія не ліквідавалі ва ўстаноўлены тэрмін парушэнні правілаў пажарнай бяспекі, будуць зачынены. Пра гэта паведаміў сёння журналістам пракурор Віцебскай вобласці Генадзь Дыско, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Па словах Генадзя Дыско, такое рашэнне прынята ў сувязі з вынікамі маніторынгу прычын узнікнення пажараў на аб'ектах з масавым знаходжаннем людзей. У пэўнай ступені яно абумоўлена і нядаўнімі трагічнымі падзеямі ў Пермі.
Як паведаміў начальнік Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС Васіль Чакан, усяго за мінулы тыдзень супрацоўнікі МНС сумесна з прадстаўнікамі праваахоўных органаў праверылі выкананне тэхнікі пажарнай бяспекі ў 249 забаўляльных установах вобласці: барах, рэстаранах, клубах і г.д. Рознага роду парушэнні - ад нязначных да сур'ёзных - былі ўстаноўлены ў большасці з іх. Напрыклад, на 47 аб'ектах аказалася няспраўная сігналізацыя, у 23 былі захарачаны шляхі эвакуацыі, у 44 - зачынены запасны выхад, супрацоўнікі 49 устаноў не ведалі, як карыстацца першаснымі сродкамі пажаратушэння. Разам з тым ні на адным з аб'ектаў не выяўлена перавышэння ўстаноўленай колькасці наведвальнікаў, адзначыў Васіль Чакан. Ён таксама падкрэсліў, што ўстановы, у якіх будуць выяўлены такія факты, пазбавяцца ліцэнзіі на ажыццяўленне дзейнасці.
Праверачныя рэйды ў рэгіёне будуць працягнуты. Больш таго, цяпер у поле зроку супрацоўнікаў МНС і праваахоўных органаў трапяць таксама школы, бальніцы, дзіцячыя дамы, дамы састарэлых, іншыя аб'екты з масавым знаходжаннем людзей.-0-