У Віцебскай вобласці зарэгіструюць увесь гужавы транспарт

13 жніўня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У Віцебскай вобласці ўвесь гужавы транспарт будзе пералічаны, абсталяваны нумарнымі знакамі і пройдзе тэхагляд. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміла начальнік аддзялення агітацыі і прапаганды ДАІ УУС Віцебскага аблвыканкама Алеся Сярэгіна. Рашэнне аб рэгістрацыі гужавых павозак, якія эксплуатуюцца на дарогах агульнага карыстання, прынята з мэтай забеспячэння бяспекі дарожнага руху, а таксама прывядзення іх у адпаведнасць з устаноўленымі правіламі. Праводзіцца працэдура будзе бясплатна ў раённых і гарадскіх аддзяленнях ДАІ або па месцы знаходжання транспарту. Пасля рэгістрацыі іх уладальнікам выдадуць нумарныя знакі з пяці лічбаў, якія разам са звесткамі аб гаспадзе паступяць у цэнтралізаваную базу даных. У арганізацыі і прадпрыемствы, якія маюць на балансе гужавыя павозкі, графікі правядзення рэгістрацыі і праходжання тэхагляду будуць накіраваны да 20 жніўня. У выпадку парушэння правілаў дарожнага руху возчыкаў, якія кіруюць незарэгістраваным транспартам, чакаюць максімальныя меры адміністрацыйнага ўздзеяння, адзначыла Алеся Сярэгіна. Калі ж возчык будзе перасоўвацца з парушэннямі на зарэгістраванай гужавой павозцы (без святлоадбівальнага жылета або на транспарце, не абсталяваным святлоадбівальнымі элементамі), яго тэхагляд анулюецца, і інфармацыя аб гэтым паступіць у базу даных.-0-