У Віцебскай вобласці завяршаецца сяўба азімага рапсу
18 жніўня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Гаспадаркі Віцебскай вобласці завяршаюць сяўбу азімага рапсу, які займае ўжо каля 90% планавых плошчаў. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама.
Паводле даных на 18 жніўня, усяго па вобласці гэтая культура пасеяна на плошчы 44,6 тыс.га. Больш за палову раёнаў завяршылі масавую сяўбу азімага рапсу, Талачынскі і Чашніцкі раёны ўжо засяваюць дадатковыя плошчы. Па ацэнцы спецыялістаў, у цэлым пасяўныя работы з алеістай культурай будуць завершаны ў аптымальныя тэрміны да 20 жніўня.
Разам з тым дажджлівае надвор'е адмоўна адбілася на тэмпах уборкі збожжавых, якая ўступіла ў вобласці ў завяршальную стадыю. Так, на 18 жніўня скасілі каля 361,7 тыс.га, што складае 82% планавых да ўборкі плошчаў. Намалот перавышае 1,1 млн.т пры сярэдняй ураджайнасці 31,1 ц/га. За мінулы дзень так і не ўдалося скасіць ніводнага гектара збожжавых аграрыям некаторых раёнаў, у тым ліку Аршанскага, Дубровенскага, Талачынскага.
Піваварны ячмень убраны на плошчы 18,1 тыс.га (74,5% плана). Намалочана каля 50,1 тыс.т пры сярэдняй ураджайнасці 27,7 тыс.га.
Гаспадаркі вобласці ў кошт дзяржаўнага заказу здалі каля 168,8 тыс.т збожжа, або 90,8% плана, у тым ліку піваварнага ячменю нарыхтоўшчыкам здадзена звыш 10 тыс.т (34% плана).-0-