На Віцебшчыне завяршаецца стварэнне 4 інтэграцыйных структур АПК
Указам кіраўніка дзяржавы ад 25 жніўня 2016 г. №320 «Аб развіцці сельскагаспадарчай вытворчасці Віцебскай вобласці» аблвыканкаму сумесна з Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання даручана ажыццявіць у 2016–2017 гадах рэарганізацыю ААТ «Віцебскі мясакамбінат», «Глыбоцкі камбікормавы завод», «Аршанскі камбінат хлебапрадуктаў» і «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў» шляхам далучэння да іх 37 арганізацый.
Па словах начальніка аддзела рэфармавання і дзяржуласнасці камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Аляксандра Кірэева, нарматыўны акт, па сутнасці, стварае ўмовы для фарміравання буйнатаварных структур і змяшчае дзве ключавыя пазіцыі, якія маюць прынцыпова важнае значэнне для паспяховага ўвасаблення задуманага ў жыццё.
Па-першае, гэта правядзенне рэструктурызацыі праблемнай запазычанасці па бюджэтных і крэдытных абавязацельствах арганізацый, якія ўваходзяць у інтэграцыйныя структуры. Сёння ўся неабходная праца ў гэтай частцы завершана, складзены графікі прадастаўлення адтэрміновак і растэрміновак па плацяжах і г. п.
Трэба адзначыць, што ўказам прадугледжваецца перавод доўгу прадпрыемстваў па кароткатэрміновых крэдытных абавязацельствах перад банкаўскімі арганізацыямі на аблвыканкам па стаўцы не больш за 3% замест 30% з прадастаўленнем адтэрміноўкі пагашэння асноўнага доўгу на 3 гады з наступнай растэрміноўкай выплат на 2 гады.
– Іншымі словамі, даўгі не спісваюцца, а будуць пагашацца, але для гэтага новым структурам трэба стаць на ногі, зарабіць сродкі і ў наступным разлічвацца па абавязацельствах. Апакуль сітуацыя выглядае так: па даўгах няма разлікаў, таму што плаціць няма чым, – падкрэсліў Аляксандр Кірэеў.
Другім ключавым аспектам указа з'яўляецца зацверджаны пералік арганізацый, якія трэба будзе далучыць да прадпрыемстваў-інтэгратараў на працягу 2016-2017 гадоў. Сёння ўжо складзены і зацверджаны старшынёй аблвыканкама Мікалаем Шарснёвым план стварэння інтэграцыйных структур, дзе прапісаны парадак і чарговасць работ па далучэнні суб'ектаў гаспадарання з улікам іх формы уласнасці, прызначаны адказныя выканаўцы. Усе далучаемыя прадпрыемствы будуць функцыянаваць у якасці філіялаў.
– Кожная структура ператворыцца ў буйнога і моцнага ўдзельніка рынку, які зможа ўплываць на сітуацыю і рэагаваць на імклівыя змены, пры гэтым вытрымліваючы канкурэнцыю з сусветнымі вытворцамі, – растлумачыў Аляксандр Кірэеў.
Фарміраванні будуць мець больш за 300 тыс. га сельскагаспадарчых угоддзяў, у тым ліку 200 тыс. га ворнай зямлі, што складае 24% агульнай плошчы зямель. На сельскагаспадарчых прадпрыемствах, якія ўдзельнічаюць у праекце, утрымліваецца 26% абласнога пагалоўя буйной рагатай жывёлы, 22% – кароў. У склад новых структур увойдуць большасць свінагадоўчых комплексаў і ўсе комплексы па адкорме БРЖ, а таксама дзве птушкафабрыкі.
Сёння па тэмпах стварэння структуры знаходзяцца на адным узроўні. Так, нядаўна акцыянеры Полацкага камбіната хлебапрадуктаў і Глыбоцкага камбікормавага завода на пазачарговых сходах прынялі рашэнні аб рэарганізацыі. Стаіць задача правесці працэдуру ў адпаведнасці з заканадаўствам.
У фарміраваннях будзе адзіны рахунак, адзін кіруючы орган, які вызначыць агульныя задачы зыходзячы з інтарэсаў усіх удзельнікаў структуры. Акрамя таго, трэба будзе правесці аптымізацыю колькасці работнікаў, у прыватнасці, для таго, каб пазбегнуць дублявання функцый, а таксама пры аўтаматызацыі тэхналагічных працэсаў. Прадугледжваецца і стварэнне новых працоўных месцаў.
Пры гэтым галоўнае – вызначыць прыярытэты і аператыўна вырашаць спадарожныя праблемы, якія непазбежна будуць узнікаць, але не павінны затармазіць працэс
інтэграцыі. Структуры ствараюцца перш за ўсё для зніжэння сабекошту, што павысіць канкурэнтаздольнасць канчатковай прадукцыі, а значыць, павялічыць прыбытковасць суб'ектаў, што ў сваю чаргу дасць дадатковыя магчымасці для развіцця і павышэння матэрыяльнага дабрабыту работнікаў. Перавага абранага шляху пераўтварэння – аб'яднанне тэхналагічна залежных прадпрыемстваў, якія эканамічна дапаўняюць адно аднаго.– За час крэдытных канікул мы павінны стварыць эфектыўныя прадпрыемствы з высокай вытворчай культурай, укараніць сучасныя тэхналагічныя працэсы, мінімізаваўшы пры гэтым страты. І тады праз тры гады інтэграцыйныя структуры не толькі змогуць прыступіць да разлікаў па абавязацельствах, але і зоймуць пэўную долю рынку, а ў перспектыве стаць прывабнымі для інвестараў, – выказаў сваё меркаванне Аляксандр Кірэеў.
Кааператыўна-інтэграваная структура на базе ААТ «Віцебскі
мясакамбінат»:
– ААТ «Віцебскі КХП»;
– ААТ «Лепельскі МКК»;
– ААТ «Ліпаўцы»;
– УП «Саўгас ім. Машэрава»;
– УП «Свіціна-ВМК»;
– УП «Сарочына»;
– ААТ «Барсеева»;
– ААТ «Лаўжанскае»;
– УП «Паўночны».
Кааператыўна-інтэграваная структура на базе ААТ «Глыбоцкі камбікормавызавод»:
– ААТ «Глубокская птушкафабрыка»;
– ААТ «Глубокскі малочнакансервавы камбінат»;
– ААТ «Глубокскі мясакамбінат»;
– ААТ «Канстанцінаў двор»;
– ААТ «Верхняе»;
– УП «За Радзіму»;
– КУСГП «Стрынадкі»;
– Унітарнае прадпрыемства на базе свінакомплексу ААТ «Камайскі-Агра».
Кааператыўна-інтэграваная структура на базе ААТ «Аршанскі КХП»:
– УСГП «Смальяны»;
– Унітарнае прадпрыемства на базе комплексу па вырошчванні КРС КУСП «Надзежына»;
– КУПСГП «Першамайскае»;
– ААТ «Птушкафабрыка Аршанская»;
– ААТ «Рэдзькі»;
– ААТ «Аршасырзавод»;
– ААТ «Аршанскі малочны камбінат»;
– ААТ «Аршанскі мясакансервавы камбінат»;
– ААТ «Маяк Высокае».
Кааператыўна-інтэграваная структура на базе ААТ «Полацкі КХП»:
– ААТ «Полацкі малочны камбінат»;
– УП «Цітова»;
– УП «Повяце»;
– ААТ «Чарасы»;
– ААТ «Міёрскі камбікормавы завод»;
– ААТ «Міёрскі мясакамбінат»;
– ААТ «Банонь-Агра»;
– ААТ «Блізніца»;
– Унітарнае прадпрыемства на базе свінакомплексу КУСП «Дунілавічы-Агра»;
– Унітарнае прадпрыемства на базе свінакомплексу КУПСП «Гарадзец»;
– Унітарнае прадпрыемства на базе комплексу па вырошчванні КРС ААТ «Ушацкі
райаграсэрвіс».
Сяргей
Антонаў, «Віцебскія весці». Фота з адкрытых крыніц.