У Віцебскай вобласці завяршаецца ўборка збожжавых на прысядзібных участках насельніцтва
19 жніўня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Сельгаспрадпрыемствы большасці раёнаў Віцебскай вобласці завяршаюць работу па аказанні дапамогі ва ўборцы ўраджаю збожжавых на прысядзібных участках насельніцтва. Паводле даных на 19 жніўня, у гаспадарках насельніцтва скасілі амаль 26 тыс.га, што складае 80,6% пасяўных плошчаў прыватнага сектара. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама.
Усяго на прыватных падворках намалочана каля 57 тыс.т збожжа, сярэдняя ўраджайнасць складае 22 ц/га. Поўнасцю скасілі збожжавыя ў асабістых гаспадарках Шумілінскага і Верхнядзвінскага раёнаў, тут намалочана адпаведна больш за 2,1 тыс.т і 1,8 тыс.т. Менш за 1% плошчаў прыватных падворкаў засталося скасіць у 6 раёнах, менш за 10% плошчаў - у 4 раёнах. Самы вялікі аб'ём работ у асабістых гаспадарках трэба яшчэ выканаць у Браслаўскім і Мёрскім раёнах, дзе скасілі адпаведна каля 40% і амаль 46% плошчаў.
Самыя вялікія плошчы адведзены пад збожжавыя ў гаспадарках насельніцтва Глыбоцкага (амаль 4 тыс.га), Віцебскага (больш за 2,7 тыс.га) і Пастаўскага (больш за 2,6 тыс.га) раёнаў, дзе намалочана адпаведна каля 8 тыс.т, звыш 6,1 тыс.т і амаль 5,6 тыс.т. Найбольшая ўраджайнасць у 32,1 ц/га атрымана ў падсобных гаспадарках Аршанскага раёна.
Па выніках 2009 года на прысядзібных участках насельніцтва было намалочана больш за 114 тыс.т збожжа пры сярэдняй ураджайнасці 33,9 ц/га.
Акрамя таго, сёлета на падворках насельніцтва пасаджана агародніны на плошчы 8,2 тыс.га і бульбы на плошчы 41,7 тыс.га. У рабоце з гэтымі культурамі гаспадаркі вобласці таксама гатовыя падтрымаць насельніцтва, прадастаўляючы для ўборкі ўраджаю тэхніку і коней.-0-