У віцебскай ратушы праходзіць выстава па байках Крылова
Аўтар экспазіцыі – маладая мастачка Тамара Пракаф'ева. Ідэя выстаўкі нарадзілася ў яе ў цягніку па дарозе ў Мінск, дзе дзяўчына вучыцца ў магістратуры БНТУ. Як заўсёды, каб не губляць часу дарма, малявала.
Спачатку на паперы з'явілася варона, затым – ліса, і ўспомніліся радкі: "Вароне недзе бог паслаў кавалак сыру…". Вярнуўшыся дадому, Тамара ўзяла томік баек Крылова і прыступілася да справы. Спачатку намалявала вядомых персанажаў, а потым стала шыць цацкі. Спатрэбілася нямала рознакаляровых кавалкаў флісу, напаўняльніка для падушак, фантазіі.
На выстаўцы лялечныя героі прадстаўлены ў мізансцэнах – атрымалася своеасаблівая аб'ёмная ілюстрацыя твораў класіка. Усяго 20 інсталяцый, якія дапаўняюць тэксты баек. Для дзяцей – наглядны ўрок па літаратуры, для дарослых – мастацкае паўтарэнне пройдзенага.
Экспазіцыя не толькі пазнавальная, але і падымае настрой. Усе персанажы і сцэнкі створаны з вялікім пачуццём гумару, гледзячы на іх, хочацца ўсміхнуцца і здзівіцца ўяўленню аўтара.
Гэта ўжо трэцяя ў Віцебску персанальная выстаўка Тамары Пракаф'евай. Раней яна прадстаўляла свае акварэлі і пастэль. А яшчэ яна піша алеем, гуашшу. Усяму гэтаму вучылася ў дзіцячай выставачнай студыі ў вядомага педагога Ларысы Здор. Юную мастачку не раз адзначалі на міжнародных конкурсах. Стаўшы дарослай, яна вырашыла звязаць сваё жыццё з архітэктурай, але заняткаў творчасцю не закінула. Наадварот, лічыць, што яно дапамагае ў прафесійным станаўленні. У тым ліку і цацкі, якія развіваюць фантазію і прасторавае мысленне.
Выстаўка пад назвай "Мараль сей басні такова" будзе працаваць да канца верасня, так што жадаючыя змогуць бліжэй пазнаёміцца з таленавітай мастачкай і пабываць у незвычайным памяшканні – на гарышчы віцебскай ратушы.
Таццяна Пастэрнак, "Віцебскія весці"