У Віцебскім дзяржаўным каледжы лёгкай прамысловасці і тэхналогій адкрылі абноўленую экспазіцыю, прысвечаную генацыду беларускага народа
Экспазіцыя створана на аснове матэрыялаў, сабраных пракуратурай Віцебскай вобласці ў ходзе расследавання крымінальнай справы па факце генацыду беларускага народа, узбуджанай Генпракуратурай Беларусі.
Ініцыятарам экспазіцыі ў Віцебскім дзяржаўным коледжы лёгкай прамысловасці і тэхналогій выступіла дырэктар навучальнай установы Алена Кучынская. Дзякуючы дапамозе абласнога музея Героя Савецкага Саюза Міная Шмырова і музея ў вёсцы Заронава Віцебскага раёна экспазіцыя папоўнілася новымі экспанатамі.
Кіраўнік адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Віцебска Уладзімір Белевіч падкрэсліў, што прадстаўнікам органаў мясцовай улады, педагогам важна распавядаць моладзі пра трагічныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Ён прывёў некаторыя шматзначныя гістарычныя факты.
- Сёння найважнейшае мерапрыемства, - адзначыў кіраўнік Кастрычніцкага раёна Віцебска. - Мы заўсёды казалі пра тое, што вайна была цяжкай, казалі пра беззваротныя людскія і эканамічныя страты. Але мы ніколі не казалі пра генацыд. У ходзе расследавання крымінальнай справы па факце генацыду беларускага народа мы даведаемся пра тое, якія жахлівыя злачынствы чыніліся на тэрыторыі нашай рэспублікі. Гэта былі не адзінкавыя расстрэлы ваеннапалонных і выкраданні нявінных людзей у рабства. Выбудавана была сістэма знішчэння беларускага народа. Мы мала гаворым пра тое, хто быў удзельнікам трагічных падзей з таго боку. Напрыклад, сумна вядомую карную аперацыю «Зімовае чараўніцтва» ажыццяўлялі падраздзяленні другога добраахвотніцкага латышскага корпуса СС, які вельмі жорстка супраціўляўся Чырвонай Арміі. Крыху далей (у Пскоўскай вобласці) дзейнічалі эстонскія падраздзяленні СС. Так, могуць нам апаненты сказаць, што быў і беларускі корпус СС. Ён быў створаны ў 1944 годзе, існаваў 3 месяцы, быў узмоцнены рэгулярным падраздзяленнем нямецкай арміі. Ні разу ў баях не ўдзельнічаў. І, па сутнасці, разбегся. У адрозненне ад латышскага корпуса, які абараняў рэйхстаг. На жаль, не ўсе ўдзельнікі тых фарміраванняў прынялі належную кару і панеслі адказнасць за свае дзеянні.
У экспазіцыі прадстаўлены унікальныя гістарычныя дакументы, у якіх змяшчаецца інфармацыя пра легендарны партызанскі рух Віцебшчыны, пра аперацыю «Баграціён», у межах якой быў вызвалены Віцебск. Таксама ў экспазіцыі размешчаны партрэты людзей, чыё гераічнае мінулае звязана з нашым горадам у гады ВАВ.
Падрабязна пра іх расказалі навучэнцы каледжа. Акрамя таго, хлопцы падзяліліся гісторыямі пра сваіх продкаў, якія ваявалі супраць гітлераўцаў.
- Мае прадзеды служылі ў Чырвонай Арміі, яны ўдзельнічалі ў вызваленні Віцебска і Смаленска, - адзначыла першакурсніца Аляксандра Божанава. - Мне пра гэта расказваў бацька. Важна, каб у кожнай сям'і расказвалі пра подзвігі продкаў і ўрокі вайны, каб моладзь шанавала і берагла мір на роднай зямлі.