У Віцебскім дзяржаўным тэхнічным каледжы адкрылі стралковы цэнтр

Урачыстая цырымонія з нагоды адкрыцця стралковага цэнтра адбылася ў Віцебскім дзяржаўным тэхнічным каледжы. У мерапрыемстве, прысвечаным Дню абаронцы Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, прыняў удзел старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў.

Стралковы цэнтр размешчаны ў адным з карпусоў каледжа, рамонт і добраўпарадкаванне памяшканняў выкананы сіламі работнікаў і навучэнцаў каледжа. Ён аснашчаны самым сучасным абсталяваннем.

– У каледжы навучаецца каля 2000 навучэнцаў, і ў асноўным гэта юнакі. Кожны з іх павінен быць заўсёды гатовы ўстаць на абарону сваёй Радзімы, – сказаў дырэктар каледжа Аляксандр Ласякін. – Маладым людзям трэба будзе служба ва Узброеных Сілах, і яны павінны ўмець абыходзіцца са зброяй. Заняткі ў ціры дапамогуць ім навучыцца трапна страляць, збіраць і разбіраць зброю, а таксама цікава правесці вольны час.


Уладзімір Церанцьеў павіншаваў прысутных са знамянальнай падзеяй і святам 23 лютага і пажадаў, каб маладым людзям ніколі не давялося страляць баявымі патронамі.