У Віцебскім і Дубровенскім раёнах перапахаваюць астанкі чырвонаармейцаў
У жніўні каля вёскі Новае Сяло Дубровенскага раёна вайскоўцы 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна выявілі косці пяці воінаў і медаль "За адвагу". Высветлілася, што медалём ад 3 лістапада 1943 года быў узнагароджаны радавы, камандзір аддзялення роты процітанкавых стрэльбаў Міхаіл Нікітавіч Шкуратаў. Ён нарадзіўся ў 1924 годзе ў сяле Чарамічкі Топкінскага раёна Кемераўскай вобласці (Расія). На фронт Міхаіла Шкуратава прызвалі 1 снежня 1942 года. За 10 месяцаў службы ў свае 19 гадоў ён быў двойчы ўзнагароджаны медалём "За адвагу". Загінуў у кастрычніку 1943 года каля вёскі Новае Сяло.
У Віцебскай вобласці пошукавыя работы праводзяцца пастаянна, асабліва ва ўсходніх раёнах. Тут ішлі крывавыя баі ў канцы 1943 года і асабліва ў 1944-м, калі пачалася наступальная аперацыя па вызваленні Беларусі "Баграціён". У рэгіёне больш за 1,5 тыс. пахаванняў, у якіх спачываюць звыш 400 тыс. савецкіх салдат.