У віцебскім лакаматыўным дэпо ўведзены ў эксплуатацыю абноўлены ўчастак тэхнічнага абслугоўвання лакаматываў

В витебском локомотивном депо введен в эксплуатацию обновленный участок технического обслуживания локомотивов

Віцебскае дэпо – адно з найбуйнейшых і найстарэйшых рамонтна-эксплуатацыйных прадпрыемстваў Беларускай чыгункі, яго гісторыя налічвае больш чым 145 гадоў. Сёння прыпісны парк налічвае 66 грузавых, 7 пасажырскіх, 20 манеўровых цеплавозаў (з іх 6 — новай серыі ТМЭ1).

Участак тэхнічнага абслугоўвання лакаматываў (ТО-3) прадугледжвае тэхнічнае абслугоўванне так званага трэцяга аб'ёму, у які ўваходзіць рамонт дызеля і дапаможнага, электрычнага абсталявання, хадавой часткі, сістэм – змазкі і тармазной. Рашэнне аб мадэрнізацыі было прынята ў 2009 годзе. У цяперашні час усе работы завершаны. Лакаматыўнае дэпо атрымала сучасны будынак цэха, аснашчаны ўсім неабходным абсталяваннем. Устаноўлены новыя святлодыёдныя свяцільні, якія забяспечваюць неабходны ўзровень асветленасці, які адпавядае патрабаванням санітарных нормаў, а таксама дазваляюць эканоміць не менш за 11 тон умоўнага паліва, або 54,8 млн руб. у год. Істотную эканомію энергурэсурсаў дасць і праведзеная цеплавая рэабілітацыя будынка, куды ўвайшлі замена даху, устаноўка шклопакетаў, тэрмарэнавацыя сцен.

Падчас рэалізацыі праекта па рэканструкцыі ўчастка ТО-3 на Беларускай чыгунцы ўкаранёны «Новы фармат пасажырскіх перавозак», накіраваны на развіццё хуткаснага руху. Ён прадугледжвае больш жорсткія патрабаванні па чысціні і якасці апрацоўкі колавых пар. Гэтая праца выконваецца на ўчастку ТО-3. У ходзе мадэрнізацыі стары колафрэзерны станок быў заменены на сучасны колатальны італьянскай вытворчасці. Ён дазваляе праводзіць абточванне колавых пар любога тыпу рухомага саставу, у тым ліку і хуткаснага, пры гэтым хуткасць апрацоўкі больш чым у два разы вышэй, чым на колафрэзерным станку, а расход электраэнергіі значна ніжэй. У выніку рэканструкцыі чакаецца эканомія вытворчых рэсурсаў, павышэнне прадукцыйнасці працы. Тэрмін акупнасці ўкладанняў – 5,5 гадоў.

Тацяна Пастэрнак, "Віцебскія весці"