У Віцебскім абласным краязнаўчым музеі адкрыецца выстава мастака з Полацка Івана Іванова
Выстава «Жывапіс» - сёмая персанальная выстава мастака з Полацка Івана Іванова. На выставе прадстаўлена 40 жывапісных работ, створаных за перыяд 2007 – 2013 гг.
Іван Іваноў лічыць асноўным напрамкам сваёй творчасці працу з натурай, таму ў экспазіцыі – пейзажы з пленэраў і нацюрморты. Для мастака прэваліруе прыгажосць, створаная прыродай і прапушчаная праз прызму аўтарскага ўспрымання, светаадчування.
Работы Івана Іванова адрознівае трапяткасць, парывістасць падоўжанага мазка, асаблівы, блізкі да экспрэсіянізму, каларыт.
У каларыстычным успрыманні свету на творчым этапе 2004-2008 гг. у І.Іванова пераважалі найвышэйшыя колеры спектру - фіялетавы, сіні, блакітны. Гэта колеры творчасці, яны спрыяюць творчаму мысленню, умацаванню волі ў дасягненні мэтаў, паглыбленню ва ўнутраны свет, пошуку сэнсу быцця.
У карцінах дадзенага перыяду каларыт узбагачаецца смарагдавым тонам і цёплай зелянінай – колерам самой прыроды, гармоніі і спакою, духоўнай раўнавагі. Новы перыяд творчасці мастака азначаны і з'яўленнем у нацюрмортах кветак, як вечнага аб'екта захаплення і прыгажосці.
Вобразы – дрэвы, аблокі, трава, дамы, вазы, кветкі, збанкі – на палотнах мастака знаходзяцца ў вечным руху, яны жывуць і дыхаюць, яны смяюцца і сумуюць, яны вясёлыя і задумлівыя. І, можа быць, таму карціны Івана Іванова так прыцягальныя.
Іван Іваноў пастаянны ўдзельнік абласных, рэспубліканскіх і міжнародных пленэраў, удзельнічаў у 20 выставах па выніках пленэраў, у сумесным творчым праекце, быў ініцыятарам і куратарам праекта «Гранатавае сэрца», які з поспехам прайшоў у Полацку і Віцебску.
Выстава адкрываецца ў Віцебскім абласным краязнаўчым музеі ( вул. Леніна, 36)
Прадоўжыцца да 13 верасня 2013 года.
Кантактны тэлефон 36-05-87