У Віцебскім абласным краязнаўчым музеі адкрылася выстава «100 гадоў БССР»

Беларуская ССР была краінай стварэння, слаўных працоўных здзяйсненняў, яе народ прадэманстраваў неперасягненыя ўзоры мужнасці і самаахвяравання ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Гэта была вялікая эпоха, сутнасць і атмасферу якой цудоўна адлюстроўвае перасоўная выстава ў Віцебскім абласным краязнаўчым музеі, прысвечаная 100-годдзю з дня ўтварэння Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі.


Адкрыццё выставы «100 гадоў БССР» адбылося 22 студзеня. У гэтым урачыстым мерапрыемстве прымалі ўдзел старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Генадзь Ягораў, намеснік старшыні гарвыканкама Віктар Глушын.

Выступаючы на адкрыцці, кіраўнік дэпутацкага корпуса вобласці адрасаваў словы падзякі супрацоўнікам музея за цудоўную магчымасць адчуць дабратворную атмасферу нашага нядаўняга мінулага, а для прадстаўнікоў маладога пакалення – зразумець, дзе нашы карані, і выказаў надзею, што з экспазіцыяй азнаёміцца як мага большая колькасць жыхароў Віцебшчыны.

– Вельмі важна, што на выставе прадстаўлены некалькі стэндаў пра людзей, нашых землякоў, якіх ведае ўся краіна, – падкрэсліў Уладзімір Цярэнцьеў. – Гэта стэнды, прысвечаныя Герою Савецкага Саюза, Герою Сацыялістычнай Працы Пятру Машэраву, Герою Сацыялістычнай Працы Міхаілу Цітову. Вельмі цікавыя экспанаты пра шараговага сельскага працаўніка Героя Сацыялістычнай Працы Мікалая Яфрэмавіча Шарсцнёва, бацьку цяперашняга старшыні Віцебскага аблвыканкама Мікалая Мікалаевіча Шарсцнёва. Выстава паказвае, што савецкая ўлада давала магчымасць простым людзям з вёскі, з рабочага асяроддзя праявіць сябе ў поўнай меры.

Дырэктар абласнога краязнаўчага музея Глеб Савіцкі адзначыў, што пры падрыхтоўцы выставы быў зроблены акцэнт на развіцці Віцебшчыны ў кантэксце гісторыі ўсёй рэспублікі, і падкрэсліў, што адкрыццё гэтай экспазіцыі стане годным пачаткам святкавання векавога юбілею БССР.

Экспанаты сапраўды выклікаюць непадробную цікавасць у чалавека, неабыякавага да гісторыі сваёй беларускай Айчыны. На стэндах прадстаўлены этапы развіцця рэспублікі аж да сённяшняга дзяржаўнага будаўніцтва ў незалежнай Рэспубліцы Беларусь. Вось, напрыклад, мадэль трактара МТЗ-54 – падарунак дэлегацыі Прыдзвіння ў рамках правядзення Дзён Віцебскай вобласці ў Мінску ў 1968 годзе. Ваза з партрэтам П. М. Машэрава, вырабленая Ташкенцкім фарфоравым заводам у 1978 годзе. Велізарная мадэль знакамітага грузавіка МАЗ – падарунак дэлегацыі Віцебскай вобласці ад Заводскага раёна Мінска (1968 год). Маляўнічы дыван з сімволікай БССР. Сімвалічны мільярдны метр тканіны, выпушчаны Аршанскім льнокамбінатам у 1970-м… Атмасферу часоў, мілых сэрцу беларуса, перадаюць і фатаграфіі таго часу.

Пасля Віцебска выстава «100 гадоў БССР» адправіцца па раёнах вобласці.

"Віцьбічы".