У Віцебскім абласным краязнаўчым музеі прадставяць выставу «To be Estonian. Эстонскія асацыяцыі»
5 мая 2015 г. а 18.00 у Віцебскім абласным краязнаўчым музеі адбудзецца прэзентацыя выстаўкі «To be Estonian. Эстонскія асацыяцыі», прадастаўленай Пасольствам Эстонскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь пры падтрымцы Культурнага фонду Эстоніі, Эстонскага Саюза мастакоў.
Выстаўка «To be Estonian. Эстонскія асацыяцыі» – гэта Міжнародны праект, які акцэнтуе ўвагу міжнароднай грамадскасці на пытаннях захавання эстонцамі сваіх унікальных каранёў і гісторыі ў сучасным свеце. Пытанні нацыянальнай самасвядомасці, традыцый і прыналежнасці да эстонскай нацыі з кожным годам становяцца больш актуальнымі ў эстонскім грамадстве. Што стаіць за сакрэтам стойкасці эстонскай нацыі? Магчымыя адказы хаваюцца ў самабытных нацыянальных строях і традыцыйным рамястве. Без сумневу, эстонцы – таленавітая і вынаходлівая нацыя з уласнай дэмакратычнай пазіцыяй, пачуццём свабоды і бязмежнай творчасцю.
На выстаўцы прадстаўлены калекцыі адзення мастакоў-мадэльераў: Мары Аакрэ, Дзіаны Дзянісавай, Катрэ Арула, Пірэт Пупарт, Кертту Сіпланэ, Монікі Кісанд, Астры Мыістлік, Трыіну Пунгітс, Ліізі Рыід, Лііз Плато, Айнкі Эйскоп, Хелі Ківэрык, Рыіны Томберг, Кюліке Тувікенэ, Мерле Лыхмус. у суправаджэнні фотаработ Ану Хінт. Мастакі-дызайнеры, якія прымаюць удзел у праекце, прысвячаюць яго вераванням і эстэтычнаму густу сваіх продкаў – праз нацыянальнае рамяство. Тоесныя вобразы, колеры і адценні, відавочна зашыфраваныя ў эстонскім эстэтычным гусце, дазволілі гэтаму народу пранесці праз стагоддзі і захаваць жывым іх асаблівы нацыянальны стыль.
Выстаўка экспанавалася ў Эстоніі, Фінляндыі, Канадзе, г. Мінску (Беларусь), Люксембургу. У Віцебску выстаўка эстонскіх майстроў і мастакоў праводзіцца ўпершыню.
У прэзентацыі возьмуць удзел Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Эстонскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь г-н Майт Марцінсан, консул Эстонскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь г-жа Кірсці Анапай, іншыя прадстаўнікі пасольства.
Выстаўка будзе працаваць да 6 ліпеня 2015 г.