У Віцебскім абласным краязнаўчым музеі пройдзе свята для людзей з абмежаванымі магчымасцямі
5 верасня Віцебскі абласны краязнаўчы музей праводзіць ужо традыцыйнае абласное свята-конкурс мастацкай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці для людзей з абмежаванымі магчымасцямі «Сонечны свет для ўсіх». Галоўная ідэя свята-конкурсу – інкультурацыя і сацыяльная адаптацыя маладых людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Свята аб'ядноўвае творчых людзей з абмежаванымі магчымасцямі Віцебшчыны на аснове адзінства інтарэсаў, стварае камунікатыўную, мастацка-аформленую прастору, так неабходную людзям, дае магчымасць абмяняцца творчым вопытам.
У свяце заяўлена ўдзел 120 чалавек. На выставе прадстаўлена больш за 400 творчых работ інвалідаў з 24 Тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва раёнаў Віцебскай вобласці і г. Віцебска, і 5 абласных таварыстваў інвалідаў. Работы, прадстаўленыя на выставе, выраблены і выкананы ў розных тэхніках: графіка і жывапіс, дэкупаж, драўляная і керамічная скульптура, мяккая цацка, кераміка, квілінг, вышыўка, вязанне, вырабы з бісеру, саломкі, тканіны, валянай воўны, стужак, калекцыя дызайнерскай адзежы. Пашырыліся ўзроставыя рамкі ўдзельнікаў ад 15 да 45 гадоў і старэй.
Яркая, жыццесцвярджальная творчасць людзей, якія змагаюцца з хваробай, выклікае захапленне і павагу да іх і тых, хто дапамагае інвалідам жыць годна, у поўнай меры.
Выстава будзе працаваць з 3 па 30 верасня.
Праграма свята сёлета больш разнастайная і цікавая. Так, 5 верасня з 10.00 удзельнікі і госці свята азнаёмяцца ў Ратушы з экспазіцыяй творчых работ, затым у Канцэртнай зале «Віцебск» пройдзе ўзнагароджанне пераможцаў і ўдзельнікаў конкурсу дыпломамі і памятнымі падарункамі, творчыя калектывы Цэнтра культуры «Віцебск» пакажуць канцэрт.
Падарункі прадастаўлены гарадской арганізацыяй «БРСМ», ЧТУП «МегаЕўратэкс», УП “Касметыка Плюс” («Іў Рашэ»).
У музеі-сядзібе І.Я. Рэпіна «Здраўнёва» ўдзельнікаў конкурсу чакаюць тэатралізаваныя экскурсіі па музеі ад навучэнцаў каледжа культуры і мастацтваў, майстар-класы па жывапісе, лепцы, ізаніці ад мастакоў і студэнтаў мастацка-графічнага факультэта ВДУ імя П.М. Машэрава. Навучэнцы індустрыяльна-педагагічнага каледжа зробяць усім ахвотным эксклюзіўныя прычоскі і макіяж.
Спартыўную ігратэку правядуць валанцёры Віцебскага абласнога вучэбна-метадычнага цэнтра фізічнага выхавання насельніцтва.
Усе ахвотныя змогуць паўстаць у вобразе персанажаў рэпінскіх карцін, напісаных у “Здраўнёве” ў імправізаваным фотасалоне “Вытанчаная светлапіс”.
У рэпінскім садзе пройдзе чаяванне з дэгустацыяй прадукцыі віцебскіх прадпрыемстваў «Віцебскхлебпрам», «Мясакамбінат», «Віцьба», «Дзвінскі бровар», «Малако» і ад «Еўраганда».
У арганізацыі свята дапамагалі многія гарадскія ўстановы і таварыствы, для якіх не бывае чужой бяды. Бо няма нічога ў жыцці больш радаснага, чым дарыць радасць іншым.