У Віцебскім абласным радзільным доме павіншавалі мам і цяжарных жанчын з 8 сакавіка
Самыя цёплыя словы ім адрасавалі старшыня Віцебскага абласнога аддзялення БСЖ Алена Мартынава і галоўны ўрач радзільнага дома, член праўлення жаночай арганізацыі Алена Леановіч. Ну а кветкі ў гэты перадсвяточны вясновы дзень уручыў, вядома, мужчына – начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя аблвыканкама Міхаіл Вішневецкі.
Характэрна, што адну маму наведалі прама ў родазале. Яшчэ дзве жанчыны вось-вось пачуюць доўгачаканы крык нованароджанага, прычым адна з іх – шосты раз. А вось віцяблянку Ганну Карчэўскую сустрэлі ўжо на выпісцы, дзе яе чакаў з кветкамі муж Дзмітрый, двое старэйшых дзяцей і іншыя сваякі. Жанчына нараджала ў гэтай медустанове трэці раз, і нават COVID-19, якім яна перахварэла, будучы цяжарнай, не перашкодзілі ёй зноў адчуць радасць мацярынства і сёння трымаць на руках здаровага сыночка Ціхана.