У Віцебскім аблвыканкаме абмеркавалі пытанне нарыхтоўкі кармоў

В Витебском облисполкоме обсудили вопрос заготовки кормов
Зімовы стойлавы перыяд павінен прайсці ў штатным рэжыме. Такім быў лейтматыў пасяджэння аблвыканкама, на якім абмяркоўвалася пытанне нарыхтоўкі кармоў. Удзел у пасяджэнні прыняў таксама старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзімір Андрэйчанка.

Адкрываючы пасяджэнне, старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін распавёў аб нарадзе ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі па развіцці Віцебскай вобласці, якая адбылася ў аўторак. Размова была жорсткая. Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў няўхільнага выканання ўсіх даручэнняў. Чырвонай ніткай праходзілі захаванне выканаўчай дысцыпліны і выкананне тэхналогій. Абмяркоўвалася і найбольш вострае пытанне – падрыхтоўка да зімовага стойлавага перыяду ўтрымання жывёлы. Неабходна зрабіць усё для нарыхтоўкі максімальна магчымай колькасці кармоў, каб зімоўка прайшла паспяхова.

Як паведаміў старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Сяргей Ягораў, пэўная работа гаспадаркамі вобласці была пачата яшчэ ў мінулым годзе: закуплена каля 200 адзінак кормаўборачнай тэхнікі, падсейваліся шматгадовыя травы. Умовы надвор'я згулялі злы жарт – маёўскія пахаладанні і чэрвеньская засуха не далі поўнага развіцця травам. З першага ўкосу на ўмоўную галаву жывёлы было нарыхтавана 5 цэнтнераў кармавых адзінак, што ў паўтара раза менш, чым летась. Былі прыняты пэўныя меры, каб нарыхтоўка кармоў не спынялася: гаспадаркі забяспечваліся палівам і змазкамі, аператыўна ажыццяўляўся рамонт тэхнікі і пастаўка запчастак, былі вызначаны дадатковыя плошчы для нарыхтоўкі кармоў. У выніку на сённяшні дзень на ўмоўную галаву жывёлы ў сярэднім прыпадае амаль 10 ц. к. адз. На плошчы амаль 17 тыс. га пасеяны прамежкавыя культуры, якімі раней практычна не займаліся. Цяпер вядзецца другі ўкос, некаторыя гаспадаркі прыступілі да трэцяга. Чатыры раёны Віцебшчыны прыступілі да ўборкі кукурузы.

"Віцебскія весці"