У Віцебскім аблвыканкаме прадставілі старшыню эканамічнага суда Віцебскай вобласці

В Витебском облисполкоме представили председателя экономического суда Витебской области
Старшынёй эканамічнага суда Віцебскай вобласці прызначаны Аляксей Барадулін. Адпаведны ўказ быў падпісаны кіраўніком дзяржавы ў пачатку месяца, а сёння ў аблвыканкаме адбылося прадстаўленне новага кіраўніка.

– Судовая ўлада – неад'емная частка прававой дзяржавы, адна з вядучых галін дзяржаўнай улады. Яна незалежная і самастойная. Судовая сістэма ў Беларусі зарэкамендавала сябе як ідэальны інструмент, які дапамагае выйсці з любых складаных сітуацый. Выканаўчая ўлада заўсёды ўзаемадзейнічае з судовай па навядзенні парадку ў рэгіёне і краіне, – адзначыў старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін і пажадаў новаму кіраўніку эканамічнага суда плённай і паспяховай працы.

Аляксей Барадулін скончыў з адзнакай Полацкі дзяржуніверсітэт па спецыяльнасці «Правазнаўства», Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Працоўную дзейнасць у судовай сістэме пачаў у 2007 годзе, быў судовым выканаўцам, суддзёй гаспадарчага суда, затым – эканамічнага. Як адзначыў намеснік Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь Юрый Кобец, Аляксей Барадулін зарэкамендаваў сябе як кваліфікаваны юрыст, адказны і добрасумленны суддзя, які праяўляе прынцыповасць у адстойванні законных інтарэсаў грамадзян і юрыдычных асоб. Ён таксама валодае арганізатарскімі якасцямі і здольны згуртаваць калектыў.

"Віцебскія весці"