У Віцебскім аблвыканкаме з актывам вобласці абмеркавалі праект змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі

Гутарка атрымалася жывой і змястоўнай, што не дзіўна. Бо сваімі думкамі аб праекце змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі актыўна дзяліліся як кампетэнтныя члены прэзідыума — старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін, першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Максім Рыжанкоў, дырэктар Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь Вадзім Іпатаў, — так і тыя, хто сядзеў у зале, сярод якіх не было абыякавых, паколькі на сустрэчу сабраліся людзі з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй: дэпутаты абласнога Савета, старшыні раённых Саветаў дэпутатаў, кіраўніцтва гар(рай)выканкамаў, прадпрыемстваў і арганізацый, прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі. На нарадзе яны змаглі атрымаць кваліфікаваныя адказы на ўзніклыя пытанні, каб пасля данесці гэту інфармацыю да жыхароў рэгіёна.
Адказ на выклікі часу
Аляксандр Субоцін падкрэсліў, што карэкціроўка Канстытуцыі — адна з пераломных вех у жыцці нашай рэспублікі. Перапрацаваны дакумент не проста з'яўляецца адказам на сучасныя выклікі, ён дазволіць краіне больш эфектыўна развівацца.

— Думаю, ва ўсіх пластах нашага грамадства знойдуцца групы, якія надаюць велізарную ўвагу тым зменам, якія плануецца ўнесці ў Канстытуцыю, — адзначыў Максім Рыжанкоў. — Таму што спектр змяненняў разнастайны. І, вядома ж, розных людзей хвалююць розныя рэчы.
Для шматдзетных сем'яў, прадстаўнікоў старэйшага пакалення на першым месцы — сацыяльная адказнасць дзяржавы, захаванне сацыяльных гарантый, а таксама пытанні аховы здароўя, канкрэтызаваў Максім Уладзіміравіч. Для маці важна, каб засталіся меры падтрымкі жанчын, якія выхоўваюць дзяцей. Пэўныя пасылы абноўленай Канстытуцыі маюць значэнне і для людзей, якія надаюць вялікую ўвагу гістарычнаму мінуламу. Многія звароты, якія паступаюць у ходзе абмеркавання новага варыянту Асноўнага закона дзяржавы, па словах Максіма Рыжанкова, датычацца ўлады: Усебеларускага народнага сходу, паўнамоцтваў Прэзідэнта і парламента, іх пераразмеркавання. Акрамя таго, людзі звяртаюць увагу на пытанні патрыятычнага выхавання і на тое, што павышаецца адказнасць чалавека за захаванне свайго здароўя.
Асобна першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь спыніўся на сур'ёзнай ролі маладога пакалення ў тых значных падзеях, якія адбываюцца ў краіне.
— Мне вельмі падабаецца, што наша моладзь актыўна падключылася да працэсу абмеркавання змяненняў у Канстытуцыю, — адзначыў Максім Рыжанкоў, падкрэсліўшы, што першыя пазіцыі ў гэтым працэсе займае БРСМ, з'яўляючыся, па сутнасці, рухаючай сілай усіх маладзёжных ініцыятыў.
Для мірнага і стабільнага жыцця

Вадзім Іпатаў больш падрабязна распавёў аб фарміраванні палітычнай сістэмы суверэннай Беларусі ў 90-х гадах мінулага стагоддзя і аб працы над карэкціроўкай Канстытуцыі, якая пачалася яшчэ ў 2016 годзе, а таксама растлумачыў, чаму людзям так важна прыйсці на рэферэндум. На канкрэтных прыкладах Вадзім Дзмітрыевіч паказаў, чым небяспечна грамадству падзел на пасіўную большасць і актыўную меншасць: пры такім падыходзе змены ў краіне ў выніку могуць зусім не адлюстроўваць жаданні народа. Менавіта таму кожнаму неабходна выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю не толькі на словах, але і на справе.



Касаючыся лібералізацыі беларускага заканадаўства, Вадзім Іпатаў завастрыў увагу на тым, што гэта працэс паступальны, ён працягваецца ўжо не адзін год і нацэлены перш за ўсё на забеспячэнне мірнага і стабільнага жыцця. Вялікая ўвага ў выступленні была ўдзелена паўнамоцтвам Усебеларускага народнага сходу, які, згодна з праектам Канстытуцыі, зможа прымаць стратэгічна важныя рашэнні або ў экстраннай сітуацыі блакаваць тыя, што паставяць пад пагрозу нацыянальную бяспеку. Дадзены орган улады прызваны стаць дадатковым інструментам пацвярджэння таго курса развіцця, які выбрала наша рэспубліка.



Хоць выступленне было вельмі змястоўным, пытанняў пасля яго прагучала нямала: людзі не маглі ўпусціць магчымасць выказацца і пачуць кампетэнтныя каментарыі. Удзельнікі сустрэчы, да прыкладу, цікавіліся, ці не паўплываюць на аператыўнасць прыняцця рашэнняў змяненне статусу указаў Прэзідэнта і перадача часткі паўнамоцтваў Усебеларускаму народнаму сходу; чаму правам вылучэння кандыдатаў у дэпутаты не надзелены грамадскія арганізацыі, якія часта больш шматлікія і актыўныя, чым палітычныя партыі. Атрыманыя прапановы будуць абагульнены і перададзены ў Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі.


— Наша прававая сістэма пастаянна ўдасканальваецца, — заўважыў у завяршэнне размовы Аляксандр Субоцін. — Варта шанаваць і прымнажаць тое лепшае, што мы маем. Сёння ўсё ў нашых руках. Кожны можа змяніць сваё жыццё і жыццё краіны.