У Віцебскім аблвыканкаме ўрачыста ўручылі пашпарты таленавітым школьнікам у рамках акцыі «Мы – грамадзяне Беларусі!»
На гэты раз самы галоўны дакумент у святочнай абстаноўцы з удзелам прадстаўнікоў мясцовай улады і грамадскасці атрымліваюць больш за 300 таленавітых юнакоў і дзяўчат. Сваю актыўную грамадзянскую пазіцыю яны ўжо даказалі асабістымі дасягненнямі ў вучобе, навуцы, творчасці, спорце, розных патрыятычных, дабрачынных і іншых грамадскіх праектах.
Адзінаццаць школьнікаў прыехалі сёння ў Віцебск з розных куткоў рэгіёну, каб атрымаць пашпарт з рук старшыні аблвыканкама Мікалая Шарстнёва. Кіраўнік вобласці павіншаваў дзяцей з першым крокам у самастойнае жыццё, кожнаму ўручыў запаветны дакумент, які сведчыць асобу і прыналежнасць да краіны, падарыў кнігу «Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь», ну, і, вядома, даў напутлівыя словы.
– Кожны з вас зарэкамендаваў сябе – хтосьці ў вучобе, хтосьці ў культуры, спорце. Мы ўжо ганарымся вамі. Але хочацца, каб вы разумелі: атрымаўшы пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, станавіцеся на шлях дзяржаўнага мыслення, усе свае ўчынкі павінны супастаўляць з тым, што з'яўляецеся паўнапраўнымі грамадзянамі сваёй краіны, нясеце за яе адказнасць і ствараеце яе імідж. Як бы банальна ні гучала, на моладзь сёння стаўка. Наколькі моцнымі, высокаадукаванымі асобамі вы сфарміруецеся, настолькі моцнай будзе наша дзяржава. Нам разам будаваць будучыню, – падкрэсліў Мікалай Мікалаевіч.
Задаць пытанні, якія цікавяць юных беларусаў, удзельнікі сустрэчы змаглі падчас адкрытага дыялогу «Адзінства! Развіццё! Незалежнасць!». Падлеткаў цікавіў самы шырокі спектр пытанняў, пачынаючы ад важнасці абвешчанага Года народнага адзінства і заканчваючы прафесіямі, якія будуць запатрабаваны ў рэгіёне ў найбліжэйшыя гады. Не ўтрымаліся хлопцы, каб не задаць губернатару некалькі асабістых пытанняў, напрыклад, якія кнігі ён чытае, з якіх інтэрнэт-рэсурсаў чэрпае інфармацыю, і ці памятае ён той момант, калі сам атрымліваў пашпарт.
– Пашпарты нам, вясковым хлопцам, уручалі ў Аршанскім РАУС. Гэта не было настолькі ўрачыста, як у вас, а хутчэй радавая падзея, тым не менш, памятаю тыя пачуцці. Атрымаўшы пашпарт, адчуў сябе амаль дарослым чалавекам, які можа пракладаць ужо сваю дарогу, – шчыра адказаў Мікалай Мікалаевіч. Такой жа самастойнасці і адказнасці ён чакае і ад сённяшніх хлопцаў.
З будынка аблвыканкама хлопцы выйшлі ўжо ў новым афіцыйным статусе – паўнапраўнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, а таксама з усведамленнем таго, што яны трымаюць правільны курс – на пастаяннае развіццё і самаўдасканаленне, дасягненне намечаных вышынь. І наколькі б ні былі амбіцыйныя іх планы, яны заўсёды могуць знайсці кропкі апоры і росту ў родным краі.
Пасля завяршэння афіцыйнай часткі мерапрыемства юных грамадзян чакала забаўляльная праграма ў клубе віртуальнай рэальнасці.
"Віцебскія весці".