У Віцебскім раёне бацька кінуўся ратаваць дачку, якая танула ў рацэ, і сам патануў
5 ліпеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Дванаццаць чалавек, у тым ліку адзін непаўналетні, загінулі на вадаёмах Віцебскай вобласці за мінулы тыдзень, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў абласной арганізацыі Асвода.
Так, у Верхнядзвінскім раёне пры купанні ў неарганізаваным месцы патануў 17-гадовы хлопец, навучэнец адной з мясцовых школ. Па сведчанні відавочцаў, падлетак нырнуў у Заходнюю Дзвіну і не з'явіўся на паверхні ракі. Таксама ў Заходняй Дзвіне патануў 44-гадовы жыхар абласнога цэнтра. Разам з дачкой ён праводзіў час на рацэ ў Віцебскім раёне. Купаючыся, дзяўчынка трапіла ў моцнае цячэнне, і яе панесла па рацэ. Бацька кінуўся на дапамогу і патануў. Дзяўчынку ж выратавала жанчына, якая адпачывала недалёка.
Адзін трагічны выпадак адбыўся падчас рыбалкі: на возеры Спартыўнае Вымна ў Віцебскім раёне рыбак (36-гадовы мужчына) патануў, выпаўшы з гумавай лодкі. Выратавальныя сродкі, у прыватнасці спецыяльны жылет, у лодцы адсутнічалі.
Усяго за мінулы тыдзень у вобласці на вадаёмах былі выратаваны 22 чалавекі, з іх два непаўналетнія, яшчэ 56 былі папярэджаны аб недапушчальнасці парушэння правіл бяспекі на вадзе.
Напярэдадні народных гулянняў у купальскую ноч спецыялісты Асвода звяртаюць увагу на недапушчальнасць начных купанняў, а таксама настойліва рэкамендуюць паклапаціцца аб бяспецы пры арганізацыі святочных мерапрыемстваў каля вадаёмаў. -0-