У Віцебскім раёне прайшоў збор па пытаннях ваеннай бяспекі і абароны Беларусі

На базе палігона Лосвіда ў Віцебскім раёне прайшоў збор па пытаннях ваеннай бяспекі і абароны Беларусі з кіраўніцкім складам выканаўчых камітэтаў абласцей і Мінска, рэгіянальных камісарыятаў.


Асноўнай мэтай мерапрыемства з'яўляецца павышэнне ўзроўню індывідуальнай падрыхтоўкі ўдзельнікаў. Іх знаёмяць з асноўнымі тэндэнцыямі развіцця ваенна-палітычнай абстаноўкі вакол Беларусі, роляй і месцам тэрытарыяльнай абароны ў сучасных узброеных канфліктах, асновамі прымянення тэрытарыяльных войскаў. Арганізавана дэманстрацыя ўзбраення, асаблівасцей размяшчэння і парадку дзеянняў фарміраванняў тэрытарыяльных войскаў і падраздзяленняў сіл спецаперацый. Практычная частка збору ўключае адпрацоўку дзеянняў падраздзяленняў у населеным пункце і ў тыле праціўніка, у тым ліку з прымяненнем вадалазаў. Важная частка - уручэнне сцягоў тэрытарыяльнай абароны кіраўніцкаму складу абласных і Мінскага гарадскога выканкамаў.

Такія мерапрыемствы праводзяцца сістэматычна. "Сутнасць цяперашняга збору ў тым, што ўдзельнікам даведзены асаблівасці вядзення ўзброенай барацьбы на часова захопленай праціўнікам тэрыторыі, асноўныя тэндэнцыі змяненняў ваенна-палітычнай абстаноўкі, падыходы Генштаба УС да арганізацыі і вядзення тэрытарыяльнай абароны", - адзначыў начальнік Генеральнага штаба - першы намеснік міністра абароны Беларусі Аляксандр Вальфовіч.

"Самае галоўнае: выбудавана дзейсная сістэма падрыхтоўкі службовых асоб тэрытарыяльнай абароны, - канстатаваў ён. - Па-першае, з губернатарамі мы штогод праводзім збор тэарэтычнай і практычнай накіраванасці. Акрамя гэтага, у нашай Ваеннай акадэміі ўведзена спецыялізацыя "тэрытарыяльная абарона". Таксама на базе гэтай установы два разы на год мы рыхтуем на курсах кіраўнікоў раёнаў і іх намеснікаў, дзе даводзяцца ўсе асновы і задачы, што стаяць перад імі ў ваенны перыяд".

У цэлым пытанням тэрытарыяльнай абароны надаецца вялікая ўвага. 2020 год таксама будзе насычаны адпаведнымі мерапрыемствамі. Запланаваны вучэнні ў Гродзенскай, Гомельскай і Магілёўскай абласцях, штабныя трэніроўкі. Акрамя таго, Генштабам будуць праведзены раптоўныя комплексныя праверкі раённых штабоў тэрытарыяльнай абароны, дадаў першы намеснік міністра абароны.

Па словах старшыні Віцебскага аблвыканкама Мікалая Шарстнёва, асноўная задача ўдзельнікаў збору - атрымаць комплексныя веды па тэме. "Кожны мужчына павінен ведаць, як абараніць сваю сям'ю, а кіраўнік абавязаны разумець, як абараніць падведамны яму рэгіён. Змяняецца тэхніка, трэба ісці ў нагу з часам, разумець, з якой зброяй стаяць ля мяжы", - перакананы ён.

Кіраўнік вобласці таксама акцэнтаваў увагу на ўдасканаленні падыходаў з боку арганізатараў збораў тэрытарыяльнай абароны і больш адкажным стаўленні прызыўнікоў, якія ўдзельнічаюць у такіх мерапрыемствах.

Збор праводзіцца ў адпаведнасці з планам падрыхтоўкі Узброеных Сіл па прызначэнні ў 2019/2020 навучальным годзе.

БЕЛТА. Фота газеты "СБ".