У Віцебскім раёне ў брацкай магіле перапахавалі астанкі больш як 80 салдат
З 3 лютага па 13 сакавіка 1944-га на лініі вёсак Перавоз – Шапуры наступальныя баі вялі стралковыя корпусы, танкавыя брыгады, самаходна-артылерыйскія палкі 33-й арміі. Мэта аперацыі – фарсіраваць раку Лучоса, узламаць абарону праціўніка, перарэзаць чыгуначную дарогу Віцебск – Орша і выйсці да Заходняй Дзвіны на паўднёвай ускраіне горада.
Астанкі былі ўзнятыя вайскоўцамі 52-га асобнага спецыялізаванага батальёна Узброеных Сіл Беларусі, пошукавікамі Масквы і Наваполацка. Як распавёў старшыня праўлення Маскоўскай абласной грамадскай арганізацыі «Памяць і прымірэнне» Валерый Загрэкаў, на гэтым плацдарме пошукавыя работы вядуцца другі год. Сёлеташняй вясной экспедыцыя доўжылася дзесяць дзён. Сярод астанкаў знойдзены медальён з запіскай. Мяркуецца, ён належыць чырвонаармейцу Плотнікаву, прызванаму з Арлоўскай вобласці, цяпер вядзецца пошук яго родных. Акрамя палёў каля Новікаў, былі даследаваны два аб'екты ў Лёзненскім раёне, дзе ўзняты астанкі 71 байца. Па медалі «За баявыя заслугі» ўстаноўлена імя аднаго з герояў – Аляксей Васільевіч Ермалоў з Горкаўскай вобласці (цяпер Ніжагародская). Цяпер пошукавікі працуюць на тэрыторыі Заронаўскага сельсавета Віцебскага раёна.
Сярод іх і намеснік старшыні Маладзёжнага парламента пры Дзяржаўнай Думе Расіі Алена Еракіна. Гэта яе другая экспедыцыя. Прах прадзеда Алены Рыгора Максімавіча Еракіна спачывае на мемарыяльным комплексе ў Шапурах. Ураджэнец Мардовіі загінуў у лютым 1944-га, сям'я да апошняга часу не ведала пра дакладнае месца яго пахавання. Алена Еракіна кажа, гэтыя мясціны сталі для яе роднымі.
На жалобным мітынгу старшыня Віцебскага раённага Савета дэпутатаў Віктар Дарожкін адзначыў, што падчас Вялікай Айчыннай вайны загінула больш за 61 тыс. байцоў Чырвонай Арміі. Мы павінны памятаць і не забываць кожнага. Падзячныя лісты былі ўручаны пошукавікам з Масквы, 52-му асобнаму батальёну, 103-й мабільнай брыгадзе.
Па словах намесніка начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Пятра Гнуценкі, на тэрыторыі Віцебшчыны знаходзяцца 1526 воінскіх пахаванняў, дзе спачывае прах 402 тыс. чырвонаармейцаў. Пакуль устаноўлена крыху больш за палову імёнаў. Штогод спіс папаўняецца і пошук не скончаны.
Удзельнікі мітынгу ўшанавалі хвілінай маўчання памяць загінуўшых. Пры пахаванні астанкаў абаронцаў Айчыны прагучаў салют.