У Віцебскім райсавеце дэпутатаў абмеркавалі прапановы, якія паступілі ад працоўных калектываў, па ўдасканаленні заканадаўства
Мы прывыклі да таго, што ў нас ёсць дэпутаты мясцовых Саветаў, да якіх звяртаюцца грамадзяне, калі трэба вырашыць тое ці іншае пытанне. А дэпутаты ў сваю чаргу робяць запыт кіраўніцтву раёна. Такія ж пытанні ўздымаюць на мясцовым узроўні і старасты. Яны, як паказвае практыка, нават больш у курсе мясцовых праблем, чым дэпутаты.
– Ці не аднолькавыя функцыі выконваюць дэпутаты і старасты? Давайце разабрэмся ў гэтым пытанні, – запрасіў да дыскусіі старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў.
– Мне здаецца, дэпутацкі корпус сябе вычарпаў, – адназначна выказаўся старшыня Янавіцкага сельвыканкама Аляксандр Ізобаў. – І дэпутаты, і старасты акумуляруюць меркаванні і запыты людзей, даносяць іх да кіраўніцтва. А старшыні выканкамаў вырашыць іх не могуць, паколькі не маюць фінансавых рэсурсаў. На дапамогу прыходзіць кіраўнік гаспадаркі, ён жа ў адной асобе, як правіла, і дэпутат. А калі з'едзе куды на новае прызначэнне, тады хто будзе вырашаць мясцовыя праблемы?
– Скажу больш: вельмі няпроста знайсці чалавека, які б пагадзіўся выконваць дэпутацкія функцыі на вёсцы, – падтрымаў калегу старшыня Мазалоўскага сельвыканкама Леанід Дубіна. – А такіх толькі па адным Савеце больш за дзясятак. – Я за тое, каб застаўся інстытут старастаў.
– Функцыі дэпутатаў і старастаў падобныя, яны дублююць адзін аднаго. Выскажуся так: дэпутацкі корпус скараціць, а старшынь выканкамаў трэба прызначаць, – падкрэсліў аксакал сярод кіраўнікоў мясцовых Саветаў, старшыня Варонаўскага сельвыканкама Юрый Восіпаў.
– На жаль, статус дэпутата на мясцовым узроўні ўсё больш дэвальвуецца, – адзначыў старшыня Наўкінскага сельвыканкама Дзяніс Жаваранкаў. – Роля старэйшын павінна ўзрасці, але без падтрымкі, у тым ліку фінансавай, нічога не зменіцца. Каб павысіць аўтарытэт старшынь выканкамаў у сельскай мясцовасці, трэба ў кожным Савеце мець невялікі бюджэт для вырашэння самых надзённых праблем – падсыпкі дарог, добраўпарадкавання, пад'ездаў да могілак, устаноўкі лавак і г. д.
Выслухаўшы калег, Уладзімір Церанцьеў прызнаўся, што і сам не ведае, як лепш паступіць. Бо не хочацца паўтараць памылкі мінулага, калі да падмурка ўсё разбуралі, потым зноў стваралі. Калі чалавека абірае народ, ён адчувае адказнасць, гэта адпавядае дэмакратычным нормам. – Выканаўчая ўлада вырашае дзяржаўныя пытанні, а дэпутаты выказваюць народную волю. Але я ўпэўнены, што ніводзін мітынговец з бел-чырвона-белым сцягам не паедзе, скажам, у Заполле, каб вырашаць пытанні жыхароў самай аддаленай вёскі ад райцэнтра, – выказаў сваю кропку гледжання Уладзімір Уладзіміравіч.
Актыўна абмяркоўвалася пытанне правядзення тэндараў, якія сталі гальмамі на шляху развіцця. Пакуль аб'явіцца конкурс, пакуль пройдуць таргі, сыходзіць час, што не на карысць справы. Трэба спрасціць гэтую працэдуру, адзначалі выступоўцы.
Дарэчы, Віцебскі раён сёлета спрацаваў без датацый. Прагучала прапанова пакінуць прыбытак у мясцовым бюджэце. Уладзімір Церанцьеў абяцаў данесці да кіраўніцтва вобласці гэту інфармацыю.
Устанавіць мараторый на смяротнае пакаранне, – такую прапанову актыўна абмяркоўваюць грамадзяне. Прычым, адзінага меркавання і ў гэтым пытанні няма. Сярод насельніцтва нямала веруючых грамадзян, якія катэгарычна супраць смяротнага пакарання. Сапраўды, нават такая крайняя мера не выкаранiла з нашага грамадства хабарнікаў, гвалтаўнікоў і забойцаў. Мараторый – гэта пажыццёвае зняволенне. Але ў такім выпадку нават у самага безнадзейнага чалавека застаецца маленькая надзея, якой мы не павінны яго пазбаўляць. Ідзе час, мяняюцца погляды і падыходы, уносяцца змены ў заканадаўства. Калі ёсць хоць найменшы шанец на жыццё забойцу, няхай ён ім скарыстаецца, каб пачаць усё з нуля.
Прагучала і катэгарычнае «не» мараторыю. І ў гэтага падыходу нямала прыхільнікаў.
Якія б пытанні ні абмяркоўвалі – ці то павышэнне ролі кіравання і самакіравання, роля дэпутатаў і старэйшын, мараторый на смяротнае пакаранне і інш. – выказванні былі зацікаўленымі і шчырымі. Усе прапановы будуць акумуляваныя і накіраваныя ў аргкамітэт VI Усебеларускага сходу.