У Віцебскім заапарку пасяліўся сыч, якога гараджане выратавалі ад гібелі
Гэтым разам сярод новых пастаяльцаў — дарослы сыч. Птушку выратавалі ад непазбежнай гібелі неабыякавыя гараджане, якія прынеслі яе ў заапарк. Верагодна, таму, што зараз ідзе актыўнае гнездаванне варон, якія люта абараняюць сваё нашчадства, раненне сыча не выпадковасць, а хутчэй заканамернасць. Спецыялісты заапарка агледзелі пацярпелага і аказалі яму дапамогу. Нягледзячы на тое, што першы час узнікалі праблемы з кармленнем — толькі з дапамогай пінцэта, зараз птушка адчувае сябе здавальняльна і ахвотна прымае ежу.
За паводзінамі і станам пернатых будуць старанна назіраць і, як толькі сыч паправіцца, яго адпусцяць у звычайнае асяроддзе пражывання. Як адзначылі ў заапарку, чым больш часу птушка правядзе з людзьмі, тым складаней ёй будзе на волі. Таму прыкладаюцца ўсе намаганні, каб паранены драпежнік як мага хутчэй стаў на крыло.
Таццяна Серабракова, "Віцебскія весці"