У Віцебскім заапарку ратуюць птушанят вушастай савы

В Витебском зоопарке спасают птенцов ушастой совы

На днях яшчэ не апераненых птушанят у заапарк прынёс жыхар Оршы. Ён знайшоў бездапаможных малых у лесе. Відаць, падчас урагану перавярнулася совінае гняздо, і драбкі апынуліся на зямлі.

Цяпер прафесіяналы ў прамым сэнсе змагаюцца за іх жыццё. Совяняты яшчэ занадта малыя, каб харчавацца самастойна, таму даводзіцца даваць корм з дапамогай пінцэта, імітуючы птушыны клюв. Едяць яны ахвотна, але пра далейшы лёс можна будзе казаць толькі праз тры тыдні, удакладняе дырэктар заапарка Ірына Арлова. На жаль, нават пры ўдалым зыходзе вярнуцца ў натуральнае асяроддзе пражывання пернатыя не змогуць. Таму Ірына Міхайлаўна просіць людзей не падбіраць у лесе маленькіх соў, калі ў іх няма ранаў. Яны проста вучацца лятаць і згары за імі назіраюць маці, так што небяспека ім не пагражае.

Дарэчы, вушастая сова па рашэнні грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» названа ў Беларусі птушкай 2015 года. Гэта адзін з адзінаццаці відаў соў, якія гняздуюцца ў нашай краіне. Яны могуць паварочваць галаву на 270 градусаў, іх вушкі з пёраў не з'яўляюцца органам слыху, а палююць яны выключна на мышэпадобных грызуноў, аддаючы перавагу шэрым палёўкам.

Алег Шведаў, "Віцебскія весці"