У Віцебскай вобласці назіраецца рост пажараў і гібелі ад іх людзей

В Витебской области наблюдается рост пожаров и гибели от них людей
Такую інфармацыю агучылі на пасяджэнні па пытаннях папярэджання гібелі людзей ад знешніх прычын, якое адбылося ў Віцебскім аблвыканкаме.

Мерапрыемства прайшло ў рэжыме відэаканферэнцыі, у якой прынялі ўдзел намеснік старшыні аблвыканкама Вячаслаў Дурноў, намеснік міністра па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь Анатоль Даўгалевец, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, начальнік абласнога ўпраўлення МНС Сяргей Мялешкін, старшы памочнік пракурора вобласці Вераніка Дзербенева, а ў анлайн-фармаце – намеснікі старшынь райвыканкамаў і прадстаўнікі раённых суб'ектаў прафілактыкі правапарушэнняў.

– На жаль, у Віцебскай вобласці назіраецца рост гібелі людзей ад знешніх прычын. Толькі на пажарах з пачатку года загінула 30 чалавек, на 10 выпадкаў, або 50%, больш, чым у мінулым годзе, – падкрэсліў Вячаслаў Дурноў. – У сувязі з гэтым мы і праводзім дадзенае пасяджэнне, каб разгледзець вынікі работы суб'ектаў прафілактыкі правапарушэнняў па папярэджанні гібелі людзей ад знешніх прычын.

Як адзначыў Сяргей Мялешкін, большасць пажараў на Віцебшчыне адбылося з-за чалавечай нядбайнасці і шкодных звычак, якія прыводзяць да гібелі людзей на пажарах.

– Гледзячы на лічбы статыстыкі, мы разумеем, што трэба актывізаваць работу з усімі суб'ектамі прафілактыкі правапарушэнняў. Асабліва гэтае пытанне актуальнае напярэдадні вялікіх выхадных, – сказаў Сяргей Мялешкін. – Асаблівую ўвагу мы будзем надаваць сем'ям, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, шматдзетным, інвалідам I і II групы, грамадзянам пажылога ўзросту, а таксама асобам, якія злоўжываюць спіртнымі напоямі. Неабходна выпрацаваць алгарытм дзеянняў, які дазволіць нам паўплываць на сітуацыю з улікам праблем кожнага рэгіёна вобласці.

Злоўжыванне алкаголем і курэнне – адны з асноўных прычын гібелі людзей, адзначыла Вераніка Дзербенева.

– Большасць загінулых на пажары злоўжывалі алкаголем, а таксама не былі заняты ў эканоміцы. Так, з 30 загінулых 12 чалавек з'яўляліся непрацуючымі грамадзянамі працаздольнага ўзросту, 11 з іх на момант гібелі знаходзіліся ў стане алкагольнага ап'янэння, – расказала Вераніка Дербенева. – Пакуль, аналізуючы вынікі працы суб'ектаў прафілактыкі правапарушэнняў па папярэджанні гібелі людзей ад знешніх прычын, больш за ўсё пытанняў у нас узнікае да Віцебскага раёна, а таксама да Пастаўскага, дзе ў пачатку месяца загінулі два чалавекі. Пенсіянерка, якая з'яўлялася інвалідам II-й групы па апорна-рухальным апараце, і яе сын. У цэлым ёсць пытанні па сацыяльным абслугоўванні насельніцтва, эксплуатацыі электраабсталявання, аказанні медыцынскай дапамогі і да органаў улады.

Віцебскія весці