У холдынг «Марка» ўвойдзе беларуска-іспанскі вытворца спартыўнага абутку «Белкельме»
Холдынг «Беларуская гарбарна-абутковая кампанія «Марка» набыў пакет акцый вытворцы спартыўнага абутку ЗАТ СП «Белкельме» (Брэсцкая вобласць) і разлічвае нарасціць гадавы аб'ём выпуску на пляцоўцы ў Белаазёрску ў некалькі разоў да 1 млн пар.
Як паведаміў генеральны дырэктар «Марка» Мікалай Мартынаў, на дадзены момант здзелка завершана, рыхтуецца нарматыўна-прававы акт аб уваходжанні беларуска-іспанскага «Белкельме» у склад холдынгу.
Паралельна з гэтым сёння таксама прапрацоўваюцца пытанні інвестыцыйнай падтрымкі вытворчасці ў Белаазёрску, вызначаюцца асартыментная палітыка і магчымыя арганізацыйныя змены. Па ацэнцы Мікалая Мартынава, толькі ў 2016 годзе прадугледжваецца накіраваць на абнаўленне там асноўных фондаў не менш за 1 млн долараў, яшчэ як мінімум 1,5 млн долараў спатрэбіцца вылучыць на папаўненне абаротных сродкаў. Сумеснае прадпрыемства захавае спартыўную спецыялізацыю (пры гэтым аналагічная тэма на ЧУПП «Сан Марка» будзе закрыта) і плануецца дадаткова развіваць там вытворчасць пляжнага абутку ліццёвым метадам. Рэалізацыя задумак запатрабуе арганізацыі ад 100 да 150 новых працоўных месцаў.
Па ацэнцы Мікалая Мартынава, сярод магчымых змяненняў новы саўладальнік лічыць неабходным вылучыць гандлёвы складнік і заснаваць асобную арганізацыю для развіцця фірменнага гандлю.
– Сёння мы бачым, што значна лепш ідуць продажы праз фірменную сетку, так што маем намер там стварыць аналаг «Марка-сэрвісу», які будзе спецыялізавацца на гандлёвай дзейнасці, – дадаў гендырэктар.
У выніку здзелкі холдынг можа паскорыць працэс дасягнення вытворчай магутнасці ў 5 млн пар абутку ў год, што і прадугледжваў указ аб яго ўтварэнні.
Па інфармацыі ААТ «Беларуская валютна-фондавая біржа», здзелка па куплі-продажы пакета акцый ЗАТ СП «Белкельме» зарэгістравана 1 верасня 2015 года. Усяго набыта 1,3 тыс. каштоўных папер на суму амаль 902 млн рублёў.
Сяргей Антонов, «Віцебскія весці».