У Здраўнёва ўзнагародзілі пераможцаў абласнога конкурсу сярод журналістаў і рэдакцый СМІ Віцебскай вобласці

Старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін правёў прэс-канферэнцыю для рэспубліканскіх і рэгіянальных СМІ. Пытанні журналістаў ахоплівалі шырокі спектр тэм. 
У прыватнасці, адно з найбольш актуальных пытанняў – павышэнне імунітэту эканомікі да санкцыйнага ціску. Аляксандр Субоцін адзначыў, што штабы па вывучэнні сітуацыі на прадпрыемствах працуюць на ўрадавым, абласным і раённым узроўнях. Штотыдзень збіраецца пэўны зрэз інфармацыі і пры неабходнасці прымаюцца рашэнні для мінімізацыі негатыву. Важна, што праца вядзецца непублічна, бо за мяжой ёсць структуры, якія адсочваюць інфармацыю. У цэлым пераадоленне санкцыйнага ціску патрабуе вялікіх намаганняў, пакуль усё атрымліваецца. На думку кіраўніка вобласці, увядзенне абмежаванняў на гандаль з Беларуссю з боку Захаду – гэта барацьба за рынкі. У сусветным маштабе ў нашай невялікай краіны вельмі высокі паказчык па вытворчасці харчавання: трэцяе месца – па алеі і сухім малацэ, чацвёртае – па абястлушчаным, пятае – па сырах. Амаль трэць сусветнага рынку мы займаем па выпуску велікагрузных аўтамабіляў і калійных угнаенняў.  Касаючыся дзейнасці аграпрамысловых аб'яднанняў (АПА), Аляксандр Субоцін канстатаваў, што іх стварэнне было адзіным правільным крокам, каб выратаваць значную частку сельгаспрадпрыемстваў ад банкруцтва. АПА даюць вынік, але пакуль не такі, як хацелася б. Галоўнае, што гэтыя структуры жыццяздольныя, па шляху буйной таварнай вытворчасці ідзе ўвесь свет.

Пасяўная сёлета пачыналася са значным спазненнем, аднак удалося выйсці на леташнія тэмпы. Больш чым удвая ўдалося назапасіць мінеральных угнаенняў. Забяспечанасць палівам дазволіла не дапусціць прастою тэхнікі. Атрымалася ў дапамогу аграрыям падабраць кадры.

Адным з вострых момантаў – стан дарог, па іх агульнай даўжыні (больш за 16 тыс. км) Віцебшчына займае другое месца ў рэспубліцы. На жаль, на належны рамонт транспартных артэрый апошнія некалькі сезонаў не выдзялялася дастатковая колькасць сродкаў. У гэтым годзе з усіх крыніц фінансавання запланавана выдаткаваць амаль 60 млн руб. З прыцягненнем заходніх крэдытаў планавалася мадэрнізаваць дарогі рэспубліканскага значэння ад Віцебска да Оршы, ад Лепеля да Полацка, завяршыць абход абласнога цэнтра, але праграмы згорнуты з-за санкцый. Планы будуць рэалізоўвацца з дапамогай Еўразійскага банка развіцця або кітайскай фінансавай структуры.

Аляксандра Субоціна спыталі, адкуль ён чэрпае інфармацыю. Ён адказаў, што ў асноўным са спецыялізаваных крыніц, якія патрэбныя для працы. Калі ў больш шырокім фармаце, то з тэлеграм-каналаў.

Пацікавіліся ў губернатара і аб крытэрыях падбору кадраў. У першую чаргу для яго важныя прафесійныя якасці і профільная адукацыя. Гэта могуць быць людзі не заўсёды па-добраму кіраваныя, але павінны мець крэатыўны падыход да справы і адстойваць сваю кропку гледжання.

Прэс-канферэнцыя прайшла ў музеі-сядзібе І. Рэпіна ў рамках сустрэчы Аляксандра Субоціна з прадстаўнікамі СМІ, паліграфічных прадпрыемстваў і арганізацый сувязі з нагоды прафесійных святаў – Дня друку і Дня работнікаў радыё, тэлебачання і сувязі.

Для ўдзельнікаў сустрэчы была арганізавана экскурсія, інтэрактыўная выстава СМІ, паліграфічных прадпрыемстваў і арганізацый сувязі. У прыватнасці, абласная газета «Віцебскія весці» прэзентавала лагатып-пераможцу рэспубліканскага конкурсу «Год гістарычнай памяці», які распрацаваў вядучы рэдактар ​​інтэрнэт-рэсурсу Пётр Чымкоўскі. Віцебскі філіял РУП «Белпошта» пазнаёміў з Нацыянальнай паштовай электроннай сістэмай, з праграмным комплексам «Мабільны паштальён», працай паштамата. Віцебскі філіял РУП «Белтэлекам» прадставіў праект «Мой горад», распрацаваны ў рамках Дзяржаўнай праграмы «Лічбавае развіццё Беларусі». Гэтая платформа заклікана аб'яднаць самыя запатрабаваныя гарадскія паслугі ў адзіную экасістэму і прадаставіць да іх зручны доступ.

     Фінальным акордам стала цырымонія ўзнагароджання пераможцаў конкурсу сярод журналістаў і рэдакцый СМІ.         

"Віцебскія весці".