У ахову здароўя вобласці за 2017 год інвеставана больш за 50 млн рублёў

За мінулы год у сістэму аховы здароўя Віцебшчыны ўкладзена каля 54 млн інвестыцый, з іх 43 млн накіраваны на капітальны рамонт і будаўніцтва медустаноў і 11 млн – на набыццё абсталявання. Пра гэта паведаміў начальнік упраўлення аховы здароўя аблвыканкама Юрый Дзеркач на пасяджэнні аблвыканкама, на якім падводзіліся вынікі года па выкананні мэтавых паказчыкаў Дзяржпраграмы «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь» на 2016-2020 гг. і разглядаліся планы развіцця галіны на 2018-ы.

У ліку найбуйнейшых і складаных праектаў мінулага года – завяршэнне рэканструкцыі гарбальніцы №1 ім. Семашкі ў Оршы. Актывізавалася будаўніцтва паліклінікі ў мікрараёне Юг-7 у Віцебску, Міёрскай ЦРБ.

Асобна старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў спыніўся на будаўніцтве паліклінікі ў мікрараёне Білева ў абласным цэнтры. Тут пражывае каля 30 тыс. чалавек, для абслугоўвання якіх ствараюцца амбулаторныя пункты крокавай даступнасці, дзе пацыенты могуць атрымаць першасную меддапамогу і прайсці найпрасцейшыя абследаванні.

Так, яшчэ ў канцы 2016-га года першы паверх аднаго з шматкватэрных жылых дамоў быў перанесены пад паліклінічнае аддзяленне. Як паведаміў Юрый Дзеркач, будучым летам у адной з новабудоўляў плануецца адкрыць педыятрычны ўчастак (ужо вызначана памяшканне і выдзелены сродкі), а затым яшчэ і жаночую кансультацыю. З дасягненнем колькасці жыхароў Білева ў 40-50 тыс. і ўзвядзеннем запланаванага комплекснага паліклінічнага цэнтра вызваленыя памяшканні будуць пераабсталяваны пад жыллё для медработнікаў.

– Важна, каб не атрымалася так: спачатку завершым забудову раёна з 70-тысячным насельніцтвам, а толькі потым будзем узводзіць паліклініку, тым самым створым праблему. Ужо зараз мы павінны дакладна вызначыць, калі менавіта будаваць дадзены аб'ект, і рабіць гэта паралельна з узвядзеннем жылля, – настойваў кіраўнік вобласці.

Таксама Мікалай Шарснёў патрабаваў абазначыць найбольш актуальныя напрамкі размеркавання рэсурсаў, паколькі ў цяперашніх умовах кожны рубель на рахунку і распыляць сродкі недапушчальна.     
– Акрамя таго, што мы павінны займацца паляпшэннем матэрыяльна-тэхнічнай базы медустаноў, неабходна вызначыць перспектыўныя кропкі ўкладання фінансавых сродкаў. Разумеем, што трэба ствараць навукова-практычныя цэнтры па розных напрамках медыцыны. Але ўсім адразу дапамагчы не ў стане. Ды і няма сэнсу ў кожным горадзе ствараць медцэнтр узроўню сталіцы, – сказаў Мікалай Мікалаевіч. 
 
Расстаўляючы прыярытэты развіцця галіны, Юрый Дзеркач акцэнтаваў увагу на аказанні дапамогі пацыентам з хваробамі сістэмы кровазвароту. У 2017 годзе былі ўведзены ў эксплуатацыю рэнтгенэндаваскулярныя кабінеты ў Віцебску, Оршы, завяршаюцца работы ў Наваполацку. Пасля абсталявання аналагічнага кабінета ў Браславе ўсе жыхары вобласці будуць знаходзіцца ў 60-хвіліннай даступнасці для аказання ім меддапамогі да развіцця інфаркту і інсульту.
 
У лютым пачне працу рэнтгенэндаваскулярнае аддзяленне ў абласной бальніцы, на базе якога ў далейшым плануецца стварыць навукова-практычны цэнтр – першы ў сваім родзе ў краіне. Усе гэтыя меры дазволяць звесці да мінімуму смяротнасць і інвалідызацыю насельніцтва па прычыне сардэчна-сасудзістых захворванняў.
У цэлым практычна ўсе паказчыкі, даведзеныя дзяржпраграмай, рэгіёнам выкананы, адзначыў Юрый Мікалаевіч. Віцебская вобласць, як і Гомельская, мае самы высокі прырост працягласці жыцця ў краіне (па выніках 2016-га чаканая працягласць жыцця ў рэгіёне павялічылася да 73,3 года). Паказчыкі дзіцячай смяротнасці, першаснага выхаду на інваліднасць таксама адны з лепшых.

Усё гэта вынік пастаяннага ўдасканалення матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў аховы здароўя, укаранення новых тэхналогій, укладзеных інвестыцый, кіраўніцкіх рашэнняў, прадуктыўнага супрацоўніцтва з зацікаўленымі структурамі і мясцовай уладай. І, вядома, штодзённай працы медыкаў на сваіх працоўных месцах.

НАТАЛЛЯ РЫЖКАВА, "Віцебскія весці".