У зоне падтаплення могуць апынуцца 126 падворкаў Віцебскай вобласці
У Віцебскай вобласці ў зоне падтаплення могуць апынуцца 126 падворкаў. Пра гэта паведаміў сёння на брыфінгу журналістам начальнік Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС Васіль Чакан, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"У зоне магчымага падтаплення могуць апынуцца 126 падворкаў у 10 раёнах вобласці: Верхнядзвінскім, Бешанковіцкім, Шаркаўшчынскім, Мёрскім, Лепельскім, Шумілінскім, Лёзненскім, Полацкім, Гарадоцкім і Аршанскім", - праінфармаваў Васіль Чакан. Ён падкрэсліў, што супрацоўнікі МНС правялі абыход усіх падворкаў. Жыхары гэтых домаўладанняў заключылі дагаворы добраахвотнага страхавання маёмасці на выпадак падтаплення. Таксама ў выпадку адсялення іх дамы будуць ахоўваць супрацоўнікі праваахоўных органаў. Такім чынам, усе падрыхтоўчыя меры выкананы ў поўным аб'ёме.
Васіль Чакан таксама адзначыў, што выпадкі нязначнага падтаплення ад талых вод ужо былі зафіксаваны ў Віцебску. Па кожным сігнале супрацоўнікамі МНС і ЖКГ аператыўна прымаліся неабходныя дзеянні.