Вадзім Дзявятоўскі мае намер засяродзіцца на падрыхтоўцы да лонданскай Алімпіяды-2012
20 лістапада, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў у Пекіне 2008 года Вадзім Дзевятоўскі мае намер пасля аднаўленчага перыяду сканцэнтравацца на падрыхтоўцы да ўдзелу ў лонданскай Алімпіядзе 2012 года. Аб гэтым спартсмен заявіў сёння журналістам у Віцебску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Па выніках медыцынскіх абследаванняў урачы рэкамендуюць мне правесці аднаўленне з улікам таго, што арганізм псіхалагічна "абязводжаны", і ўжо затым пачынаць падрыхтоўку да спаборніцтваў", - сказаў спартсмен. Аднаўленчы перыяд можа заняць да паўгода і будзе праходзіць пад наглядам медыкаў. Галоўным стартам для сябе спартсмен вызначыў Алімпіяду ў Лондане 2012 года, дзе ён пастараецца пацвердзіць свой пекінскі поспех і даказаць, што беларуская школа кідальнікаў заслужана лічыцца адной з наймацнейшых у свеце.
Разам з тым Вадзім Дзевятоўскі не выключае магчымасці свайго ўдзелу ў чэмпіянаце свету 2011 года. "Цяпер у першую чаргу трэба аднавіцца і ўжо затым глядзець па ходзе падрыхтоўкі: калі будзе магчымасць і дазволіць форма, то з задавальненнем выступлю і на сусветным першынстве, але ў любым выпадку мае галоўныя думкі аб лонданскай Алімпіядзе", - адзначыў ён. Пры гэтым падрыхтоўка не будзе фарсіравацца дзеля чэмпіянату свету, інакш можна не дайсці да Лондана, падкрэсліў спартсмен.
За час вымушанай паўзы, выкліканай судовай цяжбой з МАК, Вадзім Дзевятоўскі больш за ўсё асцерагаўся страціць дасягнуты спартсменам узровень тэхнікі, які і дазволіў яму паказаць другі вынік на пекінскай Алімпіядзе. "Галоўным для мяне ў гэты перыяд было не страціць пачуццё молата, і я ўпэўнены, што гэтага не адбылося, таму цяпер буду спакойна аднаўляцца і ёсць шанец выйсці на ранейшую форму да Алімпіяды 2012 года", - лічыць ён.
Вадзім Дзевятоўскі пакуль не змог назваць першыя афіцыйныя спаборніцтвы, на якіх заўзятары змогуць яго ўбачыць. "Я гатовы выступаць хоць сёння, але не хацелася б адразу пасля гэтага завяршыць кар'еру. Трэба сканцэнтравацца на падрыхтоўцы да Лондана і зрабіць усё магчымае дзеля заваёвы алімпійскага медаля", - дадаў ён.-0-