Вадзім Дзявятоўскі сумняваецца ў шчырасці перакананняў удзельнікаў несанкцыянаванай акцыі
20 снежня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў у Пекіне 2008 года Вадзім Дзевятоўскі не верыць у шчырасць перакананняў тых, хто сённяшняй ноччу спрабаваў громіць будынак урада на плошчы Незалежнасці ў Мінску. Свой пункт гледжання ён выказаў карэспандэнту БЕЛТА.
"Наўрад ці сярод тых, хто ноччу апынуўся на плошчы Незалежнасці, былі людзі, якія шчыра верылі ў тое, што яны робяць. Хутчэй за ўсё, яны хацелі зрабіць "карцінку на экране", - лічыць алімпіец. Ён з хваляваннем сачыў за начнымі падзеямі ў сталіцы.
Напярэдадні выбараў Вадзім Дзевятоўскі, будучы даверанай асобай Аляксандра Лукашэнкі, правёў нямала сустрэч у навучальных установах і працоўных калектывах Наваполацка. Студэнцтва, маладыя рабочыя пазітыўна ацанілі тое, што ўдзел у выбарах прыняло столькі кандыдатаў. Аднак праграмы многіх з іх выклікалі шмат пытанняў. "Можна спекуляваць на сённяшніх праблемах, але цяжка адмаўляць тое, што краіна рухаецца наперад, і моладзь, якая думае, гэта цудоўна разумее", - сказаў ён. "Я стараўся выклікаць людзей на шчырую размову, прасіў падымаць праблемы, якія іх хвалююць, і смею запэўніць, што гарачай крытыкі дзеючай улады на нашых сустрэчах не гучала. Наадварот, было разуменне таго, што ўлада адкрыта для дыялогу. Бо толькі ў дыялогу мы можам пабудаваць моцную і квітнеючую краіну", - лічыць Вадзім Дзевятоўскі.
Па яго глыбокім перакананні, вынікі галасавання выказалі рэальныя адносіны грамадзян да дзеючай улады. "Тое, што адбылося на плошчы ў Мінску, не выказвае меркавання большасці", - падкрэсліў Вадзім Дзевятоўскі.-0-